Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Супраць Беларускага мэталюргічнага заводу ЗША ў хуткім часе могуць увесьці санкцыі. Рашэньне наконт санкцыяў павінна быць прынятае днямі Дэпартамэнтам гандлю ЗША.

Пытаньне пра магчымае ўвядзеньне санкцыяў разглядаецца ў Дэпартамэнце гандлю ЗША. Ініцыятыва гэтага працэсу належыць амэрыканскім вытворцам. З просьбаю ўвесьці санкцыі супраць БМЗ, а таксама шэрагу мэталюргічных прадпрыемстваў некаторых іншых краінаў, зьвярнуліся 7 мэталюргічных заводаў паўднёва-ўсходніх Штатаў. Акрамя беларускага прадпрыемства, ад санкцыяў могуць пацярпець мэталюргічныя заводы Расеі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Японіі, Аўстрыі, Венэсуэлы ды іншых краінаў.

На беларускім прадпрыемстве лічаць, што аніякае шкоды для амэрыканскага рынку яны не прыносяць, таму што пастаўляюць у Штаты арматуру паводле ўсясьветных коштаў. Удзельная вага беларускай арматурнай сталі ў імпарце ЗША складае ўсяго 4,5%. На амэрыканскім рынку сталі колькасьць беларускага мэталю і ўвогуле не перавышае 1%.

У той жа час для Беларускага мэталюргічнага заводу рынак ЗША зьяўляецца вельмі важным. Летась і сёлета заводам у Амэрыцы было рэалізавана каля 125 тысячаў тонаў арматурнае сталі. Таму кіраўніцтва заводу пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў і беларускай амбасады вырашыла змагацца за свае інтарэсы пры дапамозе амэрыканскай юрыдычнай фірмы Холланд энд Найт.

XS
SM
MD
LG