Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Былы беларускі міліцыянт Алег Батурын, пра зьнікненьне якога з Варшавы і зьяўленьне ў Менску нашае Радыё паведаміла два дні таму, зьявіўся сёньня ўраніцу на экране Беларускае дзяржаўнае тэлевізіі ды паведаміў, што ўвесь час, калі яго шукалі, знаходзіўся ў амбасадзе ЗША ў Менску.

Сёньня ўраніцу дзяржаўная тэлевізія заявіла пра тое, што Алег Батурын а 6-й гадзіне раніцы ў будынку амэрыканскай амбасады ў Менску выступіў перад журналістамі БТ з прызнаньнем, што нібыта стаў удзельнікам сплянаванае правакацыі супраць Беларусі. У эфіры прагучалі толькі наступныя словы Батурына:

(Батурын: ) "Тое, што прагучала на Радыё Свабода, – няпраўда. Я ніколі не казаў, што мяне скралі спэцслужбы Беларусі".

Мы зьвярнуліся па камэнтар да старшыні Гэльсынскае Фундацыі ў Польшчы Марэка Навіцкага . Вось што ён паведаміў "Радыё Свабода":

(Навіцкі: ) "Я асабіста ведаю і размаўляў зь людзьмі, якім тэлефаніў Батурын і сьцьвярджаў, што тэлефануе зь Менску і паведаміў пра тое, што яго выкралі. Я не ўяўляю сабе і ня ў стане ўявіць, чаму чалавек, супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа ў Беларусі і які знаходзіцца ў бясьпечным стане ў Польшчы, якому нічога не пагражае і ў якога ёсьць магчымасьць у хуткім часе ехаць у ЗША – едзе сам па сабе ў Менск. Я гэтага проста не разумею. Мы на самой справе дапамагалі Батурыну так, як і ўсім іншым людзям, якія трапляюць у Польшчу, калі толькі ёсьць падазрэньне, што яны ахвяры палітычнага перасьледу ў сваіх краінах", – паведаміў Марэк Навіцкі.

Дзяржаўная тэлевізія камэнтуе сытуацыю з Батурыным, як акцыю, якую нібыта сплянавалі гэтак званыя "заходнія партнэры" апазыцыі.

Кіраўнік прэсавай службы КГБ Фёдар Котаў заявіў, што сытуацыю з Батурыным расьсьледуе КГБ, які пры гэтым спадзяецца на амэрыканскую дапамогу. Паведамлена таксама, што амэрыканская амбасада накіравала Батурына ў Польшчу і ён ужо перасек беларуска-польскую мяжу.

Пакуль застаецца невядомым, як і чаму Батурын апынуўся ў Менску і чаму КГБ дазволіў яму выезд за мяжу, калі супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа.

XS
SM
MD
LG