Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Камэнтар Юрыя Дракахруста да вызваленьня Рыгора Кісяля ад займанай пасады Старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі і прызначэньня яго паслом у Румынію.

Адстаўка Рыгора Кісяля – адна з самых важных у шэрагу апошніх кадравых перастановак. Зьмена галоўнага рупару краіны азначае намер весьці новую прапагандысцкую палітыку.

Якую – гэта стане больш зразумела, калі будзе аб'яўленае імя пераемніка Рыгора Кісяля. Але ужо зараз відавочна, што "каней" мяняюць перад пераправаю – парлямэнцкімі выбарамі. Здаецца, што сама ўлада не ўспрымае выбары, як суцэльны фарс і фальсіфікацыю, як сьцьвярджае апазыцыя. Магчыма, улада бачыць праблему ня у тым, што ў палату прадстаўнікоў пройдзе шмат апанэнтаў, а у тым, што пройдзе шмат такіх "сваіх", якія могуць стаць горшымі за адкрытых апазыцыянэраў.

Новая палітыка беларускіх дзяржаўных электроных мэдыяў можа палягаць у далейшым "закручваньні гаек", у яшчэ больш шырокім і бессаромным ужываньні "чорных" інфармацыйных тэхналегіяў, пляжаньні яўных і патэнцыйных апанэнтаў. У сучасных беларускіх умовах найгоршыя паводзіны ўладаў – найбольш верагодныя. Але магчымы і іншы варыянт. Пэўная зацікаўленасьць улады ў міжнародным прызнаньні выбараў усе ж такі сапраўды існуе, доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў – адна з асноўных умоваў гэтага прызнаньня. Таму ня выключана, што новы кіраўнік Дзяржтэлерадыё паспрабуе хаця б часткова задаволіць гэтае патрабаваньне.
Зразумела, і Рыгор Кісель мог бы праводзіць тую ці іншаю новую інфармацыйную палітыку, але ён атаясамляецца з папярэдняй палітыкай ў вачах і грамадзства, і замежжа, і прафэсіяналаў сродкаў масавай інфармацыі. Новую палітыку звычайна робяць з новымі людзьмі.

Варта зьвярнуць увагу яшчэ на адзін чыньнік. Адправіўшы Рыгора Кісяля ў адстаўку, Лукашэнка пазбавіўся аднаго з апошніх сваіх супрацоўнікаў "першага прызыву". Кісель быў знаёмы з Лукашэнкам, калі той быў яшчэ дэпутатам Вярхоўнага Савету. У 1994 годзе пад час перадвыбарчае кампаніі "Магілеўскія ведамасьці", якія рэдагаваў Кісель, былі адзіным выданьнем у вобласьці, якое зацята падтрымлівала кандыдата Лукашэнку. Тады за гэта Кісялю давялося атрымаць шмат непрыемнасьцяў ад абласнога кіраўніцтва, якое ставіла на Кебіча, затое потым, пасьля перамогі Лукашэнкі, прыйшла ўзнагарода за вернасьць. Рэдактар правінцыйнай газэты заняў самую высокую і ўплывовую пасаду ў мэдыях краіны.

Шэраг выпадкаў сьведчыць пра тое, што беларускае чынавенства ня надта адданае Лукашэнку, і таму разьвітаньне з чалавекам, які засьведчыў сваю вернасьць, – адказнае рашэньне для кіраўніка дзяржавы. Хаця, з другога боку, у гэтым можна ўбачыць пэўную тэндэнцыю, уласьцівую дыктатурам і ня толькі ў Беларусі. На пэўным этапе кіраўнік пазбаўляецца ад супрацоўнікаў, для якіх у свой час ён быў проста "Сашам".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG