Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Рыгор Кісель зьняты ўказам Лукашэнкі з пасады кіраўніка Беларускае тэлевізіі ды прызначаны амбасадарам у Румынію. У калідорах БТ акыўна абмяркоўваюцца кандыдатуры магчымых пераемнікаў Рыгора Кісяля.
Сёньня Аляксандар Лукашэнка таксама прызначыў амбасадара ў Кітай і двух памочнікаў-інспэктараў у справах Гомельскай ды Віцебскай абласьцёх.

Сэнсацыяй чарговага кадравага дня – пятніцы, калі звычайна Аляксандар Лукашэнка прымае важныя кадравыя рашэньні, стала адстаўка кіраўніка дзяржаўнае тэлевізіі Рыгора Кісяля з адначасовым прызначэньнем яго амбасадарам у Румынію. Амбасадарам у Кітай прызначаны былы першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адніністрацыі Ўладзімер Русакевіч.

Вось як камэнтуе зьняцьцё Рыгора Кісяля і сёньняшні стан на тэлевізіі вядомы тэлевізійны журналіст і вядучы, кіраўнік тэлефізыйнае філіі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў Віталь Сямашка…

(Сямашка: ) "У нас пачалося выцясьненьне з эфіру тым, што не даюцца камандыроўкі, не даецца час для мантажу, не ўстаўляюцца ў квартальныя пляны тыя ці іншыя перадачы дзясяткаў журналістаў. Яны зараз жывуць на заробкі, якія сорамна называць, – 20-30 даляраў. Гэта робіцца пры тым, што на службах інфармацыі, якія непасрэдна займаюцца асьвятленьнем дзейнасьці прэзыдэнта і Савета Міністраў, – там па дамовах людзі атрымліваюць да 200 даляраў. Тое, што зараз адбываецца на тэлебачаньні, можна назваць адным словам – бязладзьдзе".

Нагадаю, у 1994 годзе мала вядомы ў Беларусі рэдактар газэты "Моглёвские ведомости" Рыгор Кісель быў прызначаны старшынём Дзяржтэлерадыё. Безумоўна, прызначэньне адбылося дзякуючы асабістым заслугам перад земляком Аляксандрам Лукашэнкам, які стаў тады прэзыдэнтам. Першы год кісялёвага кіраваньня тэлевізія яшчэ заставалася больш-менш плюралістычнаю, у эфіры нават зьяўляліся асобы з апазыцыйнымі поглядамі, але сытуацыя карэнным чынам зьмянілася пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Беларуская тэлевізія канчаткова ператварылася ў рупар адной асобы, у прапагандысцкую машыну, якая працуе выключна дзеля захаваньня ўлады Лукашэнкі ды ягонае каманды. Такой была місія Кісяля, і да пачатку лета ён зь ёй больш-менш спраўляўся, але летась рэсурс, падобна, скончыўся.

Паводле некаторых зьвестак, рашэньне пра зьняцьце Кісяля было гатовае ўжо ў траўні, на заяве Кісяля пра адстаўку стаяла нават рэзалюцыя Лукашэнкі "задаволіць, Кісель сябе ўжо вычарпаў". Ужо была знойдзеная і краіна, куды меўся паехаць амбасадарам Рыгор Кісель. Быццам бы гэта была Кіргізія. Але да адстаўкі тады не дайшло.

Віталь Сямашка працягвае…

(Сямашка: ) "У многіх склалося такое ўражаньне, што ён так і не зразумеў, дзе працаваў. Больш часу праводзіў у адміністрацыі прэзыдэнта, у інтрыгах, што называецца… А вось да працы, да рэальнага эфіру, ён меў дотык хіба як цэнзар".

Хто можа быць пераемнікам Кісяля на пасадзе старшыні тэлевізіі? У ліку тых, хто мае шанцы, у калідорах БТ кажуць пра трох кандыдатаў. Гэта супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Саламаха, вядомы даволі няўдалым кіраўніцтвам напрыканцы 80-х гадоў газэтаю "Знамя Юности"; гэта сёньняшні кіраўнік магілеўскае тэлевізіі Ягор Рыбакоў, які адзначыўся тым, што пры ім цякучасьць кадраў пераўзышла ўсе ранейшыя рэкорды. Яшчэ называюць рэдактара прэзыдэнцкае газэты "Советская Белоруссия" Паўла Якубовіча.

Кандыдатуры вядучага праграмы "Рэзананс"Аляксандра Зімоўскага, ці былога старшыні Дзяржкамдруку Анатоля Бутэвіча, якія адзін час фігуравалі ў якасьці магчымых кандыдатаў, цяпер ня згадваюцца. Увогуле той жа Віталь Сямашка кажа, што гэта ня так важна, хто зойме пасаду кіраўніка тэлевізіі, калі галоўным застанецца не прафэсіяналізм, а адданасьць.

(Сямашка: ) "Вялікая небясьпека таго, што шыла будзе замененае на мыла. Пакуль зьмены на гэтую пасаду будуць выключна палітычныя, натуральна, надзеі на зьмены ў нашай тэлевізійнай гаспадарцы будуць вельмі цьмяныя".

Лічыць супрацоўнік дзяржаўнае тэлевізіі Віталь Сямашка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG