Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Максім Лукашэвіч

Сёньня адбылася тэлефонная размова галоўнага камісару камісіі замежнай палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу Хаўера Саляны з Аляксандрам Лукашэнкам. Мы зьвязаліся з прадстаўніком Саляны ў Брусэлі Крысьцінай Галач. На пытаньне пра прычыну тэлефанаваньня Хаўера Саляны Аляксандру Лукашэнку Галач адказала:

(Галач: ) "Як мы паведамлялі, сёньня доктар Саляна – галоўны камісар камісіі замежнай палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу – правёў вельмі доўгую тэлефонную гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам. Размова адбылася на ініцыятыву спадара Саляны. Ён хацеў перадаць спадару Лукашэнку заклапочанасьць Эўрапейскага Зьвязу што да падрыхтоўкі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Хаўер Саляна папрасіў Лукашэнку забясьпечыць свабодны, празрысты і дэмакратычны выбарчы працэс. Ён падкрэсьліў важнасьць канструктыўнага дыялёгу з апазыцыяй. Эўразьвяз хоча, каб выбары ў кастрычніку былі праявай згуртаваньня ўсіх палітычных сілаў, партыяў, што б прывяло да стварэньня плюралістычнага парлямэнту. Гэта было ў пасланьні спадара Саляны, якое, дарэчы, салідарнае з пазыцыяй АБСЭ".

Мы пацікавіліся, як Аляксандар Лукашэнка прарэагаваў на званок?

(Галач: ) "Размова была ветлівай. Як я сказала, даўгой. Лукашэнка выслухаў усе аргумэнты Хаўера Саляны. Спачатку спадар Лукашэнка сказаў Саляну, што некаторыя, нават бальшыня з патрабаваньняў Эўразьвязу што да падрыхтоўкі парлямэнцкіх выбараў, ужо былі ўзятыя пад увагу ўрадам Беларусі. Мы спадзяемся, што гэта так, што вынікам выбараў ў кастрычніку ў Беларусі будзе дэманстрацыя справядлівага для ўсіх доступу ў палітыку. Спадар Лукашэнка таксама выказаў жаданьне, каб Беларусь зноў была інтэграваная ў сям'ю эўрапейскіх краінаў. Так што выбары могуць стаць вельмі добрай нагодай, каб Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў, што ён сапраўды хоча эўрапейскай інтэграцыі".

Мы запыталіся прадстаўніка Хаўера Саляны Крысьціну Галач, ці гэты зварот Саляны можна разглядаць як апошняе папярэджаньне Лукашэнку з боку Эўрапейскага зьвязу.

(Галач: ) "Я б не хацела сказаць, што гэта апошні крок. Заўсёды ёсьць надзея. Але гэта зьяўляецца значэнным ціскам на Лукашэнку, зробленым Салянам у якасьці прадстаўніка 15-ці краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Застаецца няшмат часу, каб забясьпечыць дэмакратычнасьць выбараў, якія б прызнала міжнародная супольнасьць. Мы спадзяемся, што прэзыдэнт Лукашэнка ўсьвядоміць, што ён мусіць пайсьці на важныя крокі ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі АБСЭ, каб выбары былі прызнаныя Эўразьвязам".

Пры канцы інтэрвію мы папрасілі схарактарызаваць танальнасьць гутаркі Хаўера Саляны і Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнік Саляны Крысьціна Галач яшчэ раз падкрэсьліла, што гутарка была працяглая і канструктыўная. Лукашэнка нават запрасіў Хаўера Саляну, каб ён на ўласныя вочы ўбачыў рэальную сытуацыю ў Беларусі. Саляна ветліва прыняў гэтае запрашэньне, але канкрэтнага рашэньня няма. Прадстаўнікі Эўразьвязу лічаць, што размова можа стаць паваротным пунктам у працэсе падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG