Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

У Менску выйшаў чарговы нумар газэты "Рабочы".

Чарговы нумар штотыднёвіка "Рабочы" прапануе сваім чытачам ня толькі пашыраную інфармацыю пра візыт на Беларусь 11-12 ліпеня дэлегацыі Міжнароднай Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў (МКСП) на чале з яе генэральным сакратаром Білам Джорданам, але і камэнтар прэзыдэнта Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктара Бабаеда, а таксама – меркаваньні ўдзельнікаў выніковай прэсавай канфэрэнцыі. Азнаямленьне на месцы з праблемай парушэньня правоў працоўных у нашай краіне дазволіла прадстаўнікам Міжнароднай Канфэдэрацыі ўпэўніцца ў неабходнасьці пэўным чынам уплываць на сытуацыю. Беларускія прафсаюзы (а гэтым разам свае намаганьні аб'ядналі як дэмакратычная, так і афіцыйныя арганізацыі працоўных) атрымаюць падтрымку міжнароднага грамадзтва. Чаму адбыўся канфлікт паміж прасаюзамі і ўладамі – чытайце ў гістарынай даведцы, якая надрукаваная на другой старонцы.

Зноў на странках газэты "Рабочы" – гучаць словы "санкцыі-санкцыі". Уласнае меркаваньне наконт эканамічных санкцыяў, што ў пачатку ліпеня абвесьцілі Злучаныя Штаты Амэрыкі супраць часткі беларускага экспарту ў гэтую замежную краіну, выказвае старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага Генадзь Быкаў. Аўтар называе нават прозьвішчы кіраўнікоў буйных вытворчых прадпрыемстваў, якія, на ягоную думку, "паспрыялі" таму, што адбылося.

Асобна ў гэтым нумары трэба адзначыць інтэрвію Натальлі Валакіды зь вядомай праваабаронцай, прэзыдэнтам грамадзкага аб'яднаньня "Цэнтар правоў чалавека" Верай Страмкоўскай. Ад імя "Цэнтру" у Менскі гарвыканкам пададзеная заява на правядзеньне пікета пратэсту ў сувязі са зьнікненьнем грамадзян Беларусі. Адвакат Страмкоўская дзеліцца думкамі з нагоды зьнікненьня апэратара Зьміцера Завадзкага.

Да Дня пажарнае службы прымеркаваны артыкул "Спасацелі" пра віцебскі аварыйна-выратавальны атрад "Віцязь".

А вось на пятай старонцы – прэм'ера. Усім зацікаўленым прапанавана новая тэматычная старонка "Цэх каханьня".

Паводле ліпеньскай традыцыі шостая старонка штотыднёвіка "Рабочы" знаёміць чытачоў з арганізацыямі, што ўвайшлі ў склад Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі. На гэты раз госьць рэдакцыі – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Народная грамада".

На наступнай старонцы можна прачытаць публікацыю пра гісторыю з архівамі Мітрохіна, былога палкоўніка КГБ. Гэты матэрыял – яшчэ адно сьведчаньне таго факту, што палітычныя тайны, як правіла, рана ці позна становяцца вядомымі...

Напрыканцы нумару традыцыйны "Беларускі каляндар" прадстаўляе на гэты раз вядомага ў 18 стагодзьдзі змагара за свабоду Якуба Ясінскага. А побач – рэпартаж з рок-фэстываляю"Басовішча-2000", які маладыя беларускія музыканты ня першы год вымушаныя ладзіць у Польшчы. Нашым маладым пазаштатным аўтарам спадабалася ня толькі музыка, што суправаджала фэст, але й атмасфэра сьвята, паважлівыя адносіны ўсіх прысутных да беларушчыны.

Увага! Кожны, хто жадае атрымлiваць газэту штотыднёва праз сваю паштовую скрыню, можа аформiць падпiску ў дзяржаўным аддзяленьнi сувязi цi ў першаснай арганiзацыi свабодных прафсаюзаў. Менчукi могуць атрымлiваць газэту яшчэ i праз кiёскi Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работнiка кiёска, дзе вiсiць аб'ява-паведамленьне пра тое, што менавiта тут афармляюць падпiску на газэту "Рабочы". Такiх кiёскаў па Менску пяцьдзесят. Пры гэтым будзьце ўважлiвыя: абавязкова пазначце нумар кiёска, праз якi вы хочаце атрымлiваць газэту. Нагадаем наш падпiсны iндэкс — 63437.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG