Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Нават паводле афіцыйных лічбаў, адмоўнае сальда ад турыстычнага бізнэсу ў Беларусі складае больш за 100 млн. даляраў, а доля турызму ў валавым унутраным прадукце не перавышае 1%. Новыя жорсткія захады беларускага кіраўніцтва ў адносінах да патэнцыйных турыстаў не даюць падставаў да станоўчых зьменаў у гэтай галіне.

У сярэднім толькі 50 тысячаў замежных турыстаў штогод наведваюць Беларусь. Замежнікаў спыняе ня толькі сумніўная рэпутацыя Беларусі ў сьвеце, але й боязь сапраўды неназойлівага сэрвісу. Вось што кажа дырэктар турыстычнага комплексу "Планета", былы дэпутат Вярхоўнага Савету Генадзь Казлоў…

(Казлоў: ) "Што такое гатэль, што за суб'ект гаспадараньня, як яго вызначыць? Няхай бы гэтак званая "Палата прадстаўнікоў" занялася, распрацавала палажэньне. Не, аніякай зацікаўленасьці. Трэба лябіраваць іншыя законы, выбары праводзіць, папраўкі ўносіць – не да турызму ім. Я хадзіць кланяцца не зьбіраюся. А ўсе свае меркаваньні выказаў на рэспубліканскім паседжаньні ў прысутнасьці Замяталіна".

(Карэспандэнт: ) "Адсутнасьць праўнае базы, я так разумею, не адзіная праблема?"

(Казлоў: ) "Так. Бо казаць пра гэтак званы "саюз з братняй Расеяй" і адначасова ўводзіць транзытныя візы – гэта абсурд. $95 за грузавы транспарт! І куды ўсе паехалі? Празь Летуву й Чарнігаў. Тое ж з турыстамі. Раней ангелец атрымліваў расейскую візу, і ў нас не было да яго пытаньняў. Атрымліваў нашую, ехаў у Расею. У Расеі пытаньняў няма, а нашы раптам уводзяць транзытную візу. І гэта зацьверджана пастановаю ўраду. Думаюць, што добра заробяць. У Міністэрстве фінансаў кажуць, што цэлых $1600. А тое, што губляюць у дзясяткі разоў больш – ня бачаць! Пытаюся, вы падлічвалі? Не! Хто тут што лічыць?.."

(Карэспандэнт: ) "Спадар Генадзь, як на сёньня справы з вызначэньнем статусу "Планеты"?

(Казлоў: ) "Калі пытаюць, колькі ў "Планеты" зорак, я адказваю: плюнь таму ў вочы, хто іх лічыць. Ды я хоць 10 павешу, толку ад гэтага ня будзе аніякага. Мы не сэртыфікаваныя, няма нават парадку, якая колькасьць паслугаў патрабуецца. Мы ведаем міжнародныя нормы, але яны ў нас ня дзейнічаюць, паколькі няма ўнутранага заканадаўства. Дагэтуль мы праходзім паводле клясыфікацыі Дзяржкамінтурысту СССР: гасьцініца "Планета", разрад "вышэйшы Б". Што такое "вышэйшы Б" – ніхто ня ведае. Рэальна, паводле тых паслугаў, якія мы аказваем, маглі б быць 4 зоркі. Але дзе гэтыя зоркі ўзяць? Сам не павесіш, паколькі гэта зацьвярджае Міжнародная асацыяцыя гатэляў".

Генадзь Казлоў паведаміў, што нейкія пэрспэктывы могуць быць толькі ў тым выпадку, калі "…нашая сувэрэнная Беларусь стане паўнапраўным сябрам сыстэмы World Hotel". Але пакуль пэрспэктывы неакрэсьленыя, Казлоў спрабуе інтэгравацца ва ўсясьветную структуру асобным гатэлем. Ён лічыць, што гэта будзе прынамсі рэальны крок ад абсурду, які пакуль пануе ў галіне…

(Казлоў: ) "Вы прыяжджаеце ў нейкую краіну, ідзяцё ў гатэль, вывучаеце каштарыс і выбіраеце адпаведны нумар. Ніхто не пытаецца – беларус ты ці кітаец, для ўсіх умовы аднолькавыя. У нас жа тры градацыі: для беларусаў, расейцаў і астатніх замежнікаў. А сьпяць на такіх жа прасьцінах і лапухом ніхто ў прыбіральні не падціраецца. Народ у нас бедны, але ж не да такой ступені. Замежнік плаціць за пакой эўрастандарту $75, а беларус толькі $7. Адкінце $2,5 за сьняданак – і атрымаецца, што хутка будзе выгадней жыць у гатэлі, чым плаціць за кватэру".

Так лічыць дырэктар менскага турыстычнага комплексу «Планета» Генадзь Казлоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG