Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Васіль Старавойтаў судзіцца са сваёй былой гаспадаркаю – калгасам "Расьвет". Былы старшыня дамагаецца, каб яму вярнулі грошы за акцыі, укладзеныя ў гаспадарку.

Ледзь ня трыццаць гадоў узначальваў Васіль Старавойтаў калгас "Расьвет", і ніколі ня думаў, што надыйдзе момант, калі яму прыйдзецца судзіцца са сваёй былой гаспадаркаю. Аднак рэчаіснасьць апошніх гадоў пераўзышла любыя фантазіі. Днямі ў Кіраўскім раённым судзе Магілеўскае вобласьці распачаўся незвычайны судовы працэс пад умоўнай назваю "Старавойтаў супраць "Расьвета". Былы старшыня патрабуе вярнуць яму грошы за акцыі, унесеныя ў гаспадарку яшчэ ў 1991 годзе й незаконна ў яго сканфіскаваныя.

Васіль Старавойтаў кажа…

(Старавойтаў: ) "Ёсьць такое палажэньне (я яго ня ведаў, калі сядзеў), што грошы, якія ўносіліся ў каапэратыўную гаспадарку, не падлягаюць канфіскацыі. А ў мяне іх апісалі. Тады, у той час, я ўнес 33 тысячы. Гэта можна было купіць дзьве легкавыя машыны "Волга".

Што здарылася з гаспадаркаю з 1991 году, калі Старавойтаў уклаў у яе грошы, за якія можна было набыць два аўтамабілі "Волга"? У сярэдзіне 90-х "Расьвет" быў акцыянаваны, з калгасу ён ператварыўся ў калектыўную гаспадарку, якая стала належаць "расьветаўцам" не дэкляратыўна, як калгас, а рэальна, аднак у залежнасьці ад колькасці акцыяў.

Гэты парадак у 1997-м годзе, пасьля арышту Старавойтава, быў зьліквідаваны. Прыватызацыя прызнаная незаконнаю, Старавойтаў кінуты ў турму як махляр і злодзей, а акцыянэрная гаспадарка зноў стала калгасам. Паводле апошніх дадзеных, зусім ня лепшым у раёне, дзе калгасьнікі працуюць на палетках амаль без выхадных, чаго не было пры Старавойтаве, а зарабляюць за сваю працу ў сярэднім 20-25 тысячаў рублёў, ды й тыя атрымліваюць з затрымкамі.

Пэнсіянэрам, як таму ж Старавойтаву, даводзіцца жыць на пэнсію памерам 12-17 тысячаў. Добрай дапамогаю маглі б быць для "расьветаўцаў" адсоткі за акцыі, калісьці набытыя ў гаспадаркі, аднак ужо трэці год гэтых грошай ніхто ня бачыць…

(Старавойтаў: ) "Такіх набіраецца 1400 чалавек. У іх грошы замарозілі на тры гады. Пераацанілі, зрабілі так, што яны нічога не каштуюць".

Першае паседжаньне ў справе, аднак, выніку не дало. Пракурор запатрабаваў разабрацца, чаму судовы выканаўца ўнёс у сьпіс каштоўнасьцяў, прызначаных да канфіскацыі, і акцыі "Расьвету". Маўляў, гэта была самадзейнасьць судовага выканаўцы, але аніяк ня лінія дзяржавы. З гэтым будуць разьбірацца да 31 ліпеня, калі судзьдзя Тацяна Ўліціна зноў зьбярэ удзельнікаў судовае спрэчкі ў сваім кабінэце.

Інтарэсы Старавойтава на працэсе абараняе вядомая адвакатка Вера Страмкоўская, якая дапамагала яму ў судзе і ў 1999 годзе. Страмкоўская кажа, што закон цалкам на баку яе падабароннага: калгас вымушаны будзе вярнуць грошы Старавойтаву, а ня робіць гэта дабрахвотна таму, што баіцца судовага прэцэдэнту. Бо тады на калгас "Расьвет" у суд пададуць многія з уладальнікаў акцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG