Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

МЗС Беларусі заклікае амэрыканскі бок "устрымацца ад некарэктных інтэрпрэтацыяў і заўчасных меркаваньняў у пытаньні зьнікненьня Зьмітра Завадзкага". Пра гэта было заяўлена сёньня на першым брыфінгу новага прэсавага сакратара беларускага замежнапалітычнага ведамства Паўла Латушкі.

Беларускі бок ня можа пагадзіцца з прапанаванай лёгікай разважаньняў пра прычыны здарэньня, – гаворыцца ў паведамленьні МЗС Беларусі, якое стала адказам на нядаўнюю заяву прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. – Беларускае МЗС заклікае амэрыканскі бок "аб'ектыўна разгледзець існуючыя факты і ўстрымацца ад некарэктных інтэрпрэтацыяў і заўчасных меркаваньняў у пытаньні зьнікненьня Зьмітра Завадзкага".

"Беларускі бок адзначае, што па факту зьнікненьня Завадзкага праводзіцца расьсьледваньне праваахоўнымі ворганамі Беларусі, якое мае на мэце ўсталяваньне сапраўдных прычынаў зьнікненьня й месцазнаходжаньня журналіста. Ход расьсьледваньня знаходзіцца на кантролі ў вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва", – сказана ў паведамленьні МЗС Беларусі, зь якім сёньня пазнаёміў журналістаў на сваім першым брыфінгу новы прэсавы сакратар міністэрства Павал Латушка.

Прадставіць новага кіраўніка прэс-службы МЗС прыйшоў міністар замежных справаў Урал Латыпаў. Латыпаў зазначыў, што ў Паўла Латушкі ёсьць толькі адзін недахоп – гэта маладосьць: новаму прэсаваму сакратару ўсяго 27 гадоў. Маладосьць, аднак, не перашкодзіла яму стаць консулам у Генэральным кансуляце Беларусі ў Беластоку. Дарэчы, на гэтай пасадзе Латушка заслужыў сваёй камунікабэльнасьцю пэўныя сымпатыі як мясцовых, гэтак і беларускіх журналістаў.

Свой першы брыфінг Павал Латушка пачаў па-беларуску, выказаўшы спадзяваньні на добрыя, дзелавыя і прафэсійныя стасункі з журналістамі. Потым, праўда, прэсавы сакратар увесь час чаргаваў беларускую мову з расейскай з істотнай перавагаю апошняй.

Пасьля брыфінгу спадар Латушка даў кароткае інтэрвію для нашага радыё. І першае пытаньне – ці адновіцца ранейшая традыцыя, паводле якой у брыфінгах бралі ўдзел ня толькі прэсавыя сакратары, але й намесьнікі міністра?

(Латушка: ) "Я магу сказаць адзінае – мы плянуем праводзіць тэматычныя брыфінгі, тэматычныя прэсавыя канфэрэнцыі з удзелам кіраўнікоў зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі хаця б на ўзроўні начальнікаў управаў".

Гэтак лічыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка. Можна адзначыць, што да свайго дэбютнага брыфінгу спадар Латушка паставіўся вельмі сур'ёзна – аб'ём прапанаванае журналістам інфармацыі істотна перавышаў традыцыйныя нормы.

Сярод іншага варта вылучыць зьвесткі пра нямецкія выплаты ў рамках фонду "Памяць, адказнасьць, будучыня". З гэтага фонду 170-ці тысячам беларускіх грамадзянаў, пацярпелых ад нацызму, будзе выдаткавана агульная сума 694 мільёны марак. Выплаты пачнуцца ўжо сёлета.

XS
SM
MD
LG