Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У Беларусі працягвае зьніжацца жыцьцёвы ўзровень і скарачаецца колькасьць жыхароў. Тым часам Міністэрства статыстыкі спрабуе абмежаваць доступ журналістаў да статыстычных дадзеных.

Ад сёньня журналіст, які здолеў бясплатна атрымаць у дзяржаўнай установе статыстычныя зьвесткі, можа лічыць, што яму ўсьміхнулася ўдача. Міністар статыстыкі і аналізу Беларусі Ўладзімер Зіноўскі заявіў сёньня журналістам, што ўсе дадзеныя можна атрымаць за грошы. Зіноўскі матываваў гэта тым, што падначаленае яму міністэрства – бюджэтная арганізацыя, і выдаткі на бясплатныя інфармацыйныя паслугі не прадугледжаныя. На заўвагу, што такія дзеяньні Міністэрства статыстыкі парушаюць закон аб друку, міністар запэўніў, што ўсе праблемы з заканадаўствам вырашыць.

Зрэшты, у дзяржаўных стастыстыкаў ёсьць падставы хаваць інфармацыю. Ад студзеня інфляцыя склала 6%, што ў паўтары разы больш, чым заплянаваны ўрадам гадавы ўзровень. Цэны ў параўнаньні зь леташнім сьнежнем вырасьлі на 54%. Сярэдні месячны заробак складае блізу 58 тысячаў беларускіх рублёў.

Сёньня 64% сваіх даходаў грамадзяне Беларусі выдаткоўваюць на харчаваньне. Пры гэтым 23% жыхароў краіны атрымліваюць заробак, якога не хапае нават на ежу.

Запазычанасьць у заробках склала на пачатку ліпеня амаль 23 мільярды рублёў. Прычым, 70% ад гэтае сумы – грошы, не выплачаныя за травень.

Пры росьце ўнутранага валавага прадукту на 4%, больш як траціна прамысловых прадпрыемстваў зьнізілі аб'ёмы вытворчасьці. Запасы прадукцыі на складах у сярэднім – 61% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасьці. 30% прамысловых прадпрыемстваў і столькі ж калгасаў і саўгасаў прызнаныя стратнымі.

У замежным гандлі Беларусь мае адмоўнае сальда – 524 мільёны даляраў. Асноўным эканамічным партнэрам па-ранейшаму застаецца Расея. Пасьля йдуць Украіна й Нямеччына.

Эканамічныя цяжкасьці – адзін з чыньнікаў няспыннага зьмяншэньня колькасьці жыхароў: людзей памірае больш, чым нараджаецца. Такая тэндэнцыя назіраецца ў Беларусі апошнія пяць гадоў. Праз гэта, умоўна кажучы, штогод з мапы зьнікае буйны раённы цэнтар. Леташні перапіс зарэгістраваў крыху больш за 10 мільёнаў чалавек.

Адказваючы на пытаньне "Радыё Свабода", міністар статыстыкі і аналізу паведаміў, што за шэсьць месяцаў сёлета жыхароў краіны паменшала яшчэ на 42 тысячы чалавек.

XS
SM
MD
LG