Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Пэнсія паводле заявы, якая напісаная па-беларуску, ня будзе налічаная. З такою рэчаіснасьцю сутыкнуўся рабочы Менскага аўтамабільнага заводу Мікола Лавіцкі.

Мікола Лавіцкі працаваў тэрмістам на Менскім аўтазаводзе. Сёлета ў красавіку ён меў дастатковы стаж неперапыннае працы на шкоднай вытворчасьці, каб згодна з заканадаўствам, атрымаць ільготную пэнсію. Спадар Лавіцкі зьвярнуўся з адпаведнай заяваю (напісанай на дзяржаўнай беларускай мове) да заводзкага юрысконсульта.

І вось што ён пачуў ад асобы, якая, у адпаведнасьці са сваёй прафэсіяй, мусіць быць ня толькі кансультантам працаўнікоў заводу ў пытаньнях права, але й выступаць абаронцам іхных інтарэсаў у юрыдычных інстанцыях…

(Лавіцкі: ) "Бланк мне далі рускамоўны, але заяву я напісаў па-беларуску. На маё вялікае зьдзіўленьне заяву маю не прынялі, маўляў, у нас так прынята, што справаводзтва ў аддзеле сацыяльнага забесьпячэньня прымаюць толькі па-руску",

– сказаў Мікола Лавіцкі.

Але пытаньне, прабачце за таўталёгію, законнасьці дзеяньняў прадстаўніцы закону засталося для яго адкрытым. Па адказ ён зьвярнуўся ў аддзел сацыяльнага забесьпячэньня заводзкай адміністрацыі. Там былі менш катэгарычныя, але ўсё ж пацьвердзілі, што паколькі, маўляў, бальшыня заяваў работнікі заводу пішуць па-расейску, дык і існуе такі парадак афармленьня пэнсійных дакумэнтаў.

Такія тлумачэньні спадар Лавіцкі ўспрыняў як асабістую абразу.

(Лавіцкі: ) "Гэта для мяне прынцыпова, таму што я карыстаюся пастаянна беларускай мовай. Для мяне гэта і абраза свайго кшталту. Я зьвярнуўся ў дзяржаўную ўстанову атрымаць на сваёй роднай мове дакумэнты, а мне кажуць, што ў іх справаводзтва толькі па-руску".

Наступная ўстанова, у якой спадар Лавіцкі паспрабаваў адстаяць свае прынцыпы й правы, быў аддзел сацыяльнага забесьпячэньня Кастрычніцкага раёну сталіцы, які мусіў выдаць яму пэнсійнае пасьведчаньне. На сваю просьбу выпісаць гэты дакумэнт на дзяржаўнай беларускай мове, ён пачуў:

(Лавіцкі: ) "Ну калі Вам патрэбна, тады мы па-беларуску выпішым пасьведчаньне".

Калі ж спадар Лавіцкі стаў прасіць хаця б гэты расейскамоўны блянк запоўніць па-беларуску, дык пачуў ад работніцы "райсобесу", што яна ня ўмее гэтага зрабіць. Тады рабочы пераклаў чыноўніцы некалькі словаў, якія трэба было ўпісаць у пасьведчаньне, ды так, нарэшце, і атрымаў яго ў, так бы мовіць, дзьвюхмоўным варыянце.

Аднак, гісторыя на гэтым ня скончылася. Пра свае спробы дамагчыся беларускасьці ад работнікаў пэнсійных ведамстваў спадар Лавіцкі распавёў у Таварыстве Беларускае Мовы.

Сакратарыят ТБМ выклаў свае нэгатыўныя адносіны да гэтага ў лісьце на імя міністра сацыяльнага забесьпячэньня Вольгі Даргель. Ліст адасланы 19 красавіка. Аднак адказу ад міністра дасюль няма. Ды й што можа адказаць высока пастаўленая Лукашэнкам чыноўніца, пад кіраўніцтвам якой з пэнсійных пасьведчаньняў разам з гербам Пагоня зьнікла й беларуская мова.

XS
SM
MD
LG