Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Свой погляд на палітычныя мэты пашырэньня беларуска-армянскага супрацоўніцтва выклаў у інтэрвію нашаму Радыё дырэктар армянскай інфармацыйнай агенцыі "Мэдыя Макс" Ара Татэвасян.

Прыбыўшы ў Беларусь, армянскі прэм'ер Маргаран заявіў, што падзяляе пазыцыю Менску наконт таго, што ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва можа стаць "лякаматывам", які здольны актывізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі шмат у якіх сфэрах. Паводле меркаваньняў некаторых наглядальнікаў менавіта патрэбамі ў мадэрнізацыі ўзбраеньняў тлумачыцца інтарэс Ерэвану да супрацоўніцтва з Менскам. Гаворыць дырэктар армянскай інфармацыйнай агенцыі "Мэдыя Макс" Ара Татэвасян.

(Татэвасян: ) "Актывізацыя супрацоўніцтва Беларусі і Армэніі ў ваеннай сфэры пачалася ня сёньня. Поўгады таму міністар абароны Армэніі быў з візытам у Менску. Ён абмяркоўваў са сваім беларускім калегам магчымасьці як ваенна-тэхнічнага, гэтак і ваенна-палітычнага супрацоўніцтва. У Армэніі шчыльнае ваенна-палітычнае супрацоўніцтва з Расеяй. Цалкам магчыма, што зараз ёсьць ідэя стварэньня трохбаковай формулы, гэта значыць ажыцьцяўленьня ваеннага супрацоўніцтва паміж Масквою, Ерэванам і Менскам. Да гэтага часу адносіны паміж Ерэванам і Менскам у ваеннай сфэры не былі надта разьвітыя".

"Шэраг палітычных сілаў Армэніі выступаюць за далучэньне краіны да беларуска-расейскага саюзу. Які ўплыў аказваюць гэтыя ініцыятывы на беларуска-армянскія адносіны?" – спытаў я дырэктара інфармацыйнай агенцыі "Мэдыя Макс" Татэвасяна.

(Татэвасян: ) "Сапраўды армянскія левыя партыі, у прыватнасьці, камуністычная партыя, неаднаразова заяўлялі пра тое, што імі сабраны мільён подпісаў у падтрымку далучэньня Армэніі да беларуска- расейскага саюзу. Але на афіцыйным узроўні як прэзыдэнт, гэтак і міністар замежных справаў неаднаразова заяўлялі, што гэтае пытаньне не ўваходзіць у палітычны парадак дня краіны. Літаральна напярэдадні візыту ў Менск прэм'ер Маргаран заявіў, што Армэнія не зьбіраецца далучацца да саюзу Беларусі і Расеі. Я мяркую, што інтэнсыфікацыя адносінаў паміж Беларусьсю і Армэніяй і цяперашні візыт маюць на мэце зьнізіць напружанасьць у армянскім грамадзстве, якое ўзьнікла ў сувязі з тым , што левыя патрабуюць далучэньня да саюзу. Ерэван мае намер узмацніць і актывізаваць двухбаковыя адносіны, каб патрабаваньні левых ня былі такімі актыўнымі, як у апошні час".

Гэта было меркаваньне дырэктара армянскай інфармацыйнай агэнцыі "Мэдыя Макс" Ара Татэвасяна. Паводле ягонай вэрсіі, навязваючы адносіны з Беларусьсю, армянскія ўлады хочуць дасягнуць у першую чаргу ўнутрыпалітычных мэтаў – выбіць інтэграцыйную "карту" з рук камуністычнай апазыцыі.

XS
SM
MD
LG