Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

У Менску пачаўся двухдзённы афіцыйны візыт прэм'ер-міністра Арменіі Андраніка Марганяна. Якія інтарэсы мае Арменія ў палітычных і гандлёва-эканамічных сувязях зь Беларусьсю.

Варта адзначыць, што гэта першы афіцыйны візыт аднаго з вышэйшых кіраўнікоў Арменіі за ўсю дзесяцігадовую гісторыю беларуска-армянскіх дачыненьняў. Сёньня кіраўнік армянскага ўраду Андранік Марганян сустрэўся спачатку з Аляксандрам Лукашэнкам, а потым – са сваім беларускім калегам Уладзімерам Ярмошыным. Бакі падпісалі тры міжурадавыя пагадненьні, а таксама некалькі міжведамасных.

Але, безумоўна, галоўная мэта візыту – гэта даць пэўны штуршок гандлёва-эканамічным стасункам паміж краінамі. Напярэдадні прыезду амбасадар Арменіі ў Беларусі Сурэн Аруцюнян ацаніў эканамічныя сувязі як «мізэрныя, якія ня могуць задаволіць аніводзін з бакоў».

Сапраўды, таваразварот паміж краінамі не дасягае нават трох мільёнаў даляраў, пры гэтым беларускі экспарт у тры разы меней за імпарт армянскіх тавараў. Для Арменіі, якая вось ужо 11 гадоў знаходзіцца ў няспынным канфлікце з Азэрбайджанам, відавочна, асаблівую важнасьць набывае вайсковае супрацоўніцтва.

Што ў гэтай сфэры можа прапанаваць армянам Беларусь? Меркаваньне аглядальніка газэты «Белорусский рынок» Аляксандра Алесіна:

(Алесін: ) «Арменія ёсьць нечым накшталт апорнае базы Расеі ў Закаўказьзі ды супрацьвагаю Азэрбайджану, які апошнім часам даволі актыўна падтрымлівае чачэнскіх – як называюць іх расейцы – «баявікоў». Таму Расея робіць усе захады, каб ўзмацніць ваенны патэнцыял Арменіі. Яны пастаўляюць у Арменію шэраг узбраеньняў, але некаторыя віды вайсковае тэхнікі лепш за ўсё рамантуюць заводы Беларусі, якія спэцыялізуюцца яшчэ з савецкага часу на рамонце такіх сыстэмаў. Гэта перш за ўсё самыя старыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) – С-75, С-125, С-200. Менавіта яны ў асноўным зараз знаходзяцца на ўзбраеньні СПА Арменіі. Адпаведныя прадпрыемствы ёсьць на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, для армянскай арміі можа ўяўляць інтарэс і нашая база па рамонту бронетранспартэраў, баявых машынаў пяхоты й танкаў».

(Цыганкоў: ) «А можа, тут прысутнічае наступны фактар – калі Расея пад час карабахскага канфлікту дапамагала Арменіі, гэта выклікала напружанасьць у яе дачыненьнях з Азэрбайджанам? Ці можа Беларусь служыць нейкім пасярэднікам у перадачы Арменіі расейскае зброі?»

(Алесін: ) «Не. Я думаю, што вялікага сэнсу ў гэтым няма. Зараз Расея ня хоча псаваць дачыненьні з Азэрбайджанам. Акрамя таго, калі ім трэба, яны могуць перадаць сваю зброю праз вайсковыя базы. Я мяркую, што паслугі Беларусі як пасярэдніка тут не патрэбныя. Але ў якасьці пастаўшчыка кампанэнтаў і выкананьня рамонту для армянскай тэхнікі мы фактычна незаменныя. З аднаго боку – якасна, зь іншага – вельмі танна. Расейскія адпаведныя прадпрыемствы ў вартым жалю стане. Калі новую тэхніку Расея вырабляе, бо ёсьць пакупнікі за мяжою, дык рамонт старое тэхнікі ўсе больш засяроджваецца ў Беларусі».

Гэта было меркаваньне аглядальніка газэты «Белорусский рынок» Аляксандра Алесіна.

Пашырэньню гандлю паміж дзьвюма краінамі перашкаджае і пазыцыя Расеі, якая для дзяржаваў СНД скарыстоўвае тыя ж самыя высокія транзытныя тарыфы, што й для краінаў далёкага замежжа. З-за гэтага, а таксама з-за блякады з боку Азэрбайджана плыні грузаў з Арменіі ў Беларусь праходзяць праз Баўгарыю і Грэцыю.

Напэўна, пад час сёньняшніх сустрэчаў у Менску армянскага прэм'ер-міністра абмяркоўвалася ўзгадненьне дзеяньняў Беларусі ды Арменіі ў сэнсе далейшага ціску на Маскву. Менавіта пра намер стварыць «надзейны гандлёвы калідор» паміж Беларусьсю і Арменіяй казаў пасьля сустрэчы з Андранікам Маргаранам Аляксандар Лукашэнка.

XS
SM
MD
LG