Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Вольга Караткевіч

Група дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расейскай Фэдэрацыі мерыцца скіраваць у Міністэрства замежных справаў Расеі пэрсанальна Ігару Іванову запыт ў справе парушэньня прафсаюзных правоў і свабодаў у Беларусі. Рэч у тым, што пасьля візыту ў Беларусь прадстаўнікоў Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, у склад якой уваходзіў і расейскі прадстаўнік – старшыня Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхаіл Шмакаў, гэты апошні зьвярнуўся зь лістом на імя намесьніка старшыні камітэту працы і сацыяльнай палітыкі Дзярждумы Андрэя Ісаева і выказаў заклапочанасьць сытуацыяй з прафсаюзамі ў Беларусі.

Мы зьвязаліся з Масквой, з дэпутатам Дзярждумы Ісаевым. Ісаеў уваходзіць у фракцыю "Отечество – вся Россия". Ісаеў заявіў, што Беларускія ўлады (а спасылаўся ён на Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі) парушаюць шмалікія палажэньні падпісанай Беларусьсю канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Гаворыць Андрэй Ісаеў:

(Ісаеў: ) "На наш погляд сытуацыя вельми трывожная. Рэч у тым, што ў дачыненьні да беларускіх прафсаюзаў мясцовыя органы ўлады прынялі сур'ёзныя захады, якія парушаюць, у прыватнасьці, канвэнцыю аб свабодзе стварэньня прафсаюзных аб'яднаньняў. Існуюць неправамерныя цэнзы – напрыклад, для таго, каб прафсаюз дзейнічаў на прадпрыемстве, трэба каб ня менш за 10 адсоткаў усяго складу супрацоўнікаў уваходзілі ў гэтую прафсаюзную арганізацыю. Гэта пярэчыць міжнародным нормам, якія не патрабуюць такога цэнзу – дастакова, каб тры чалавекі абвесьцілі сябе прафсаюзам, і зь імі ўжо абавязаныя лічыцца.

Патрабуецца падаваць у міністэрства юстыцыі сьпісы заснавльнікаў прафсаюзаў колькасьцю ня менш як 500 чалавек, што таксама забаронена канвэнцыяй Міжнароднай арганізацыі працы.
Нарэшце, зусім нядаўна адміністрацыя Лукашэнкі выдала распараджэньне аб тым, каб міністэрствы прасачылі за тым, каб на зьезды галіновых прафсаюзаў абіраліся канструкыўныя сілы. Гэта непасрэднае ўмяшаньне адміністрацыі ў дзейнасьць незалежных прафсаюзаў.

Паколькі Расея й Беларусь падпісалі дамову аб стварэньні адзінай саюзнай дзяржавы, што прадугледжвае стварэньне адзінай праўнай прасторы, мы скрайне заклапочаныя тым, што нашае заканадаўства аб прафсаюзах уваходзіць ва ўсё большую супярэчнасьць з законамі Беларусі. Нашыя законы адпавядаюць міжнародным нормам, законы Беларусі ім не адпавядаюць.

Я зараз зьбіраю подпісы пад дэпутацкім запытам. Працэс не завершаны, але подпісаў ужо больш за 15. Подпісы паставілі даволі вядомыя людзі – напрыклад, лідэр Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў, намесьнік кіраўніка фракцыі "Отечество – вся Россия" Вячаслаў Валодзін, многія дэпутаты зьвязаныя і не зьвязаныя з прафсаюзным рухам. Сёньня ж абяцаў паставіць свой подпіс намесьнік старшыні Думы Ўладзімір Лукін. Я думаю, мы зьбярэм дастатковую колькасьць подпісаў. І мы разьлічваем цягам месяцу, паводле закону Расйекай Федэрацыі атрымаць адказ міністра замежных справаў Расеі.

(Карэспандэнт: ) "У выпадку, калі МЗС адпаведна не адрэагуе на Ваш запыт і не правядзе нейкія кансультацыі зь беларускім бокам, паводле Вашых словаў, будуць ініцыяваныя парлямэнцкія слуханьні. Але, відаць, арганізаваць парлямэнцкія слуханьні аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі будзе нялёгка".

(Ісаеў: ) "Тут прабемаў у нас ня будзе. Я кансультаваўся з многімі людзьмі. Напрыклад, подпісы пад нашым запытам паставілі некаторыя дэпутаты праўрадавай фракцыі "Адзінства". Са старышнём камітэту ў міжнародных справах Дзьмітрыем Рагозіным – ён заявіў, што хаця з палітычных прычынаў лічыць свой подпіс пад запытам немэтазгодным, але ў прынцыпе згодны з тэкстам. Таму мне здаецца, што калі МЗС не адрэагуе належным чынам, мы маем права вынесьці на Палату пытаньне аб парлямэнцкім запыце – і тады ўжо не міністру замежных справаў, але прэзыдэнту краіны. А па-другое, безумоўна паставім пытаньне аб парлямэнцкіх слуханьнях на тэму выкананьня правоў прафсаюзаў у Рэспубліцы Беларусь. Для нас гэта важна, гэта саюзная дзяржава".

(Карэспандэнт: ) "ЗША скасавалі ільготы ў гандлі з-за парушэньня правоў прафсаюзаў. Як Вы пракамэнтаруеце гэты факт?"

(Ісаеў: ) "Мне здаецца, што беларускае кіраўніцтва робіць вельмі сур'ёзную памылку, уступаючы ў канфрантацыю з прафсаюзамі. Мы ведаем, што заўсёды ў грамадзтве ёсьць прафсаюзы, якія незадаволеныя ўрадам, якія выступаюць супраць. Але заўсёды ёсьць дастаковая колькасьць прафсаюзаў, гатовых да канструктыўнага супрацоўніцтва з выканаўчай уладай. Беларускае кіраўніцтва здолела пасварыцца практычна з усімі прафсаюзамі – і з былымі афіцыйнымі, і з былымі нефармальнымі. Яны выступаюць цяпер адзіным фронтам.
Я не магу ўхваляць санкцыі супраць саюзнай дзяржавы, але мне здаецца, што сваімі дзеяньнямі беларускае кіраўніцтва само справакавала іх увядзеньне".

Гутарыла

XS
SM
MD
LG