Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Cправа Андрэя Клімава будзе перагледжаная калегіяй гарадзкога суду ў жніўні. Абарона па-ранейшаму перакананая ў невінаватасьці Клімава, аднак ня лічыць шанцы на станоўчы перагляд справы вялікімі.

Празь месяц, 22 жніўня, адбудзецца паседжаньне калегіі ў крымінальных справах Менскага гарадзкога суду, на якім будзе разгледжана касацыйная скарга на прысуд, што быў вынесены дэпутату Вярхоўнага Савету Андрэю Клімаву. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла судзьдзя Вера Тупік зь Ленінскага раённага суду Менску, якая судзіла Клімава. У Ленінскім судзе ўжо падрыхтаваныя для адпраўкі праз два дні ў гарадзкі суд 39 тамоў справы Клімава.

Андрэй Клімаў чакае перагляду справы зь 17 сакавіка, калі яму быў агалошаны прысуд у выглядзе 6 гадоў пазбаўленьня волі, канфіскацыі маёмасьці й кампэнсацыі нанесеных дзяржаве стратаў памерам 200 тысячаў даляраў ЗША ў пераліку на беларускія рублі.

Дэпутат не пагадзіўся з прысудам і падаў скаргу ў гарадзкі суд. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў Менскім сьледчым ізалятары, дзе ўмовы ўтрыманьня горшыя нават за калёнію. Пры гэтым Клімаў адмовіўся хадайнічаць пра зьмяненьне прысуду з прычыны амністыі, бо ўвогуле не прызнае рашэньне судзьдзяў і лічыць, што яго перасьледуюць улады паводле палітычных матываў.

Што мяркуе абарона Клімава пра магчымыя вынікі касацыйнага разгляду? Абаронца дэпутата вядомы адвакат Гары Паганяйла ў сваіх прагнозах быў вельмі асьцярожным:

"Па-першае, я ўсё ж спадзяюся на аб'ектыўны разгляд справы, на тое, што будуць прынятыя да ўвагі пазыцыі абодвух бакоў, чаго, на маю думку, ня бачна ў рашэньні судзьдзяў Ленінскага суду", – сказаў Гары Паганяйла. Ён па-ранейшаму ўпаэўнены, што справа Клімава – не крымінальная, а палітычная. Што ж тычыцца матэрыяльных прэтэнзіяў да прадпрымальніка Клімава з боку гарадзкога выканкаму, дык адвакат мяркуе гэтую спрэчку чыста гаспадарчай, у якой мусіць разабрацца менавіта гаспадарчы суд.

Між тым, справаю Клімава будуць займацца судзьдзі з калегіі Гарадзкога суду. Паводле закону, трох судзьдзяў для касацыйнага разгляду прызначыць старшыня Гарадзкога суду – Міхал Ардзяка. Усяго ў калегіі 12 судзьдзяў, сярод іх – Аляксандар Васілевіч, Уладзімер Турко, Рыгор Казырыцкі, Тацьцяна Ермаловіч, Валер Камісараў, Мікалай Самасейка ды іншыя. Бальшыня з іх вядомыя сваімі прысудамі актывістам апазыцыйнага руху. Прыкладам, Васілевіч асудзіў Міхала Чыгіра, Камісараў – актывістку Маладога Фронту Алену Грачуху, Сушко судзіў Вадзіма Кабанчука…

Хто зь іх будзе пераглядаць справу Андрэя Клімава – пакуль невядома. Гары Паганяйла ўвогуле лічыць, што гэта ня вельмі істотна. "Як загадаюць, так і зробяць. І асаблівых спадзеваў на станоўчы для нас вынік у мяне няма, калі ўлічыць сёньняшняе палітычнае становішча. Але магчыма, што ў жніўні сытуацыя будзе іншай", – заяўляе Гары Паганяйла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG