Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Па-ранейшаму застаецца невядомым лёс зьніклага журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага. Родныя Зьмітра лічаць, што сьледзтва вядзецца вельмі марудна.

Зьміцер і Сьвятлана Завадзкія пажаніліся ў 90-м годзе. Яны маюць дзевяцігадовага сына Юру. Сьвятлана працавала мадэльеркаю-канструктарам, а калі сын пайшоў у школу, узяла часовы адпачынак, каб болей часу праводзіць дома. Знікненьне мужа стала для яе сапраўдным шокам.

Гаворыць Сьвятлана Завадзкая:

"У нас папросту шок. Зьнік Дзіма пры нявысьветленых абставінах. Незразумела – чаму? Ён не займаўся ані камэрцыяй, ані палітыкаю. Якія б вэрсіі мы ні вылучалі, самая верагодная, на маю думку, гэта вэрсія, што яго выкралі спэцслужбы, таму што Дзіма зьнік літаральна на працягу 10 хвілінаў у аэрапорце, а ніякіх сьведкаў няма. Так маглі спрацаваць толькі падрыхтаваныя людзі, якія гэтым займаюцца прафэсійна. Мне падаецца, што й сьледзтва вядзецца неяк марудна. Сьледчыя толькі апытваюць сяброў і знаёмых Дзімы, а на гэта марнуецца шмат часу і аніякіх вынікаў няма. У такой сытуацыі мы не спадзяемся на ўлады. Мы спадзяемся толькі на Бога. Можа, ён дапаможа нам і мы даведаемся, дзе знаходзіцца Дзьмітры".

Гэта была жонка Зьміцера Завадзкага Сьвятлана.

Ягоная маці Вольга Завадзкая была сёньня на допыце ў сьледчага транспартнае пракуратуры. Там яна даведалася, што аніякіх новых зьвестак у справе няма. Спадарыня Вольга мусіць заўтра ад'ехаць у Маскву, каб узяць удзел у перадачы ОРТ "Шукаю цябе". Яна спадзяецца, што нехта зь людзей, якія былі ў той дзень у аэрапорце, адгукнецца і, такім чынам, у справе зьявяцца сьведкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG