Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Беларускае кіраўніцтва працягвае выратоўваць стратныя прадпрыемствы. Гэтым разам да канца ліпеня аслаблены акцызны ўціск для вытворцаў беларускае гарэлкі.

Да канца ліпеня беларускія вытворцы гарэлкі будуць знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы. Падатковы акцыз на канчатковую прадукцыю зьніжаны з 6 эўра да 4,65 за літар сьпірту.

Паводле некаторых кіраўнікоў вінна-гарэлачных заводаў, рашэньне стала вынікам працяглых і настойлівых калектыўных хаджэньняў ва ўрад.

Гаворыць галоўны эканаміст заводу "Крышталь" Ала Шуляк:

"Уведзены часовы акцыз на ліпень месяц, прычым, у беларускіх рублях. Зьвязанае гэта перш за ўсё з тым, што імкліва расьце курс эўра і гарэлка робіцца стратнаю – вельмі вялікі акцызны збор. Пакуль гэта дзейнічае да канца ліпеня; ці працягнуць надалей – пакуль ня ведаю. Міністэрства фінансаў даручыла "Белхарчгандлю" прааналізаваць сытуацыю і пасьля 20 ліпеня дакласьці вынікі.

(Карэспандэнт: ) "Як ўсё гэта адаб'ецца на кошце гарэлачных вырабаў?"

"Калі акцыз пакінуць на тым жа ўзроўні, на коштах гэта аніяк не адаб'ецца. Калі што – на ўзровень інфляцыі кошты падымуць – і ўсё", – мяркуе галоўны эканаміст заводу "Крышталь" Ала Шуляк.

Апошнім часам сытуацыя ў галіне складвалася такім чынам, што заводам выгадней было не працаваць наогул, чым адгукацца на заяўкі крамаў ды рэстарацыяў. Буйнейшы вытворца гарэлкі ў краіне – менскі завод "Крышталь" – раз-пораз імітаваў бягучы рамонт абсталяваньня, каб толькі дыстанцыявацца ад цалкам стратнага працэсу. Літаральна напярэдадні радыкальных пераглядаў падатковае палітыкі да гарэлачных прадпрыемстваў пра намер спыніцца на капітальны рамонт заявілі кіраўнікі берасьцейскага, гарадзенскага, віцебскага й полацкага заводаў.

Чакаць рэакцыю народу на зьнікненьне ўлюбёнага алькагольнага напою ўлады ня сталі. Сацыяльны выбух на глебе алькагольнага голаду больш рэальны, чым любы іншы. Альтэрнатыва ў выглядзе больш якасных, але й значна даражэйшых замежных аналягаў пакуль не па кішэні беларускаму абываталю. Тым больш, падатковая палёгка па-ранейшаму не распаўсюджваецца на гандляроў замежнымі віна-гарэлачнымі вырабамі. Менавіта таму атрымліваецца, што кошт шэрагу імпартовых алькагольных вырабаў у Беларусі вышэйшы за сярэднеэўрапейскі.

Паводле словаў дырэктара генэральнага прадстаўніцтва "Армянскі каньячны завод" Ары Грыгар'яна, кошт армянскіх каньякоў у беларускіх крамах у 4-5 разоў перавышае рэальны. Спадар Грыгар'ян кажа, што прадстаўніцтва гатовае гандляваць знакамітымі каньякамі, пачынаючы з $3. Але акцызы, адмысловыя падаткі й мыты вымушаюць, так бы мовіць, стартаваць, ад $10 й вышэй.

У справе зь беларускімі вытворцамі сытуацыя амаль супрацьлеглая. Дэмпінговыя кошты, якія навязвае ўлада, не пакідае вытворцам шанцаў для гнуткай палітыкі ў фармаваньні кошту прадукцыі і магчымых прыбыткаў. Нідзе ў Эўропе гарэлка не каштуе гэтак танна і ня мае, паводле меркаваньня дэгустатараў-аматараў, такую сумніўную якасьць. Бо пакуль заводы працуюць сабе на шкоду, пытаньне якасьці традыцыйна будзе адсунутае на апошняе месца.

Пакуль жа да канца месяца беларускія вытворцы могуць уздыхнуць з палёгкаю. Але няма гарантыі, што шырокі жэст ураду наконт акцызных паслабленьняў не акажацца аднаразовым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG