Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Полацкае вытворчае аб'яднаньне "Шкловалакно" – адно з тых прадпрыемстваў, якое непасрэдна зазнала плён скасаваньня амэрыканскім урадам гандлёвых ільготаў для Беларусі. Рашэньне амэрыканскага ўраду ня толькі ўскладніла эканамічную сытуацыю на прадпрыемстве, але і ініцыявала хвалю рабочых выступленьняў з патрабаваньнем падвышкі заработнай платы.

Зрэшты, рабочыя хваляваньні спарадзіла не самое скасаваньне гандлёвых ільготаў, а камэнтар, зь якім выступіў з гэтай нагоды беларускі кіраўнік. Словы кіраўніка пра тое, што мільёны даляраў, якія краіна губляе ў выніку скасаваньня льготаў, для нас, нібыта, і ня грошы, многія работнікі "Шкловалакна" успрынялі з абурэньнем. Ды яно і ня дзіва, калі ўлічыць, што за сваю цяжкую працу работнікі тыя атрымліваюць мізэрную плату. Заўважым, што праца на вытворчым аб'яднаньні ня толькі цяжкая, але і шкодная. Шкляны пыл, які працятае паветра рабочых цэхаў, здароўя людзям не дадае.

Першымі з патрабаваньнямі падвышкі заработнае платы выступілі прыёмшчыкі прадукцыі паўфабрыкатаў, якія атрымліваюць з усімі даплатамі ад 30 да 35 тысячаў рублёў у месяц. Работнікі зьвярнуліся з адпаведным пісьмом і патрабаваньнем да адміністрацыі, у цэху №7 прайшоў бурны сход, і ў выніку дырэкцыя аб'яднаньня была вымушаная падвысіць заробкі на 8-9 тысячаў рублёў.

Сьледам за прыёмшчыкамі прадукцыі аналягічныя патрабаваньні высунулі работнікі ткацкага цэху. Яны запатрабавалі падвысіць зарплату ў два разы. Ткачы зьбіраліся дзеяць у пляне рэалізацыі сваіх дамаганьняў ад імя афіцыйнага прафсаюза, але прафкам гэткіх памкненьняў не падтрымаў. У такой сытуацыі ініцыятыўная група напісала пэтыцыю на адрас кіраўніцтва прафкаму з патрабаваньнем неадкладна пачаць прамовы з адміністрацыяй наконт падвышэньня заработнай платы ў два разы. У выпадку адмовы ад перамоваў, гаворыцца ў пэтыцыі, усе, хто яе падпісаў, пакінуць шэрагі афіцыйнага прафсаюза. На сёньняшні дзень пад пэтыцыяй падпісаліся рабочыя дзьвюх зьменаў. Збор подпісаў працягваецца.

Як стала вядома, з патрабаваньнем падвышэньня зарплаты зьбіраюцца выступіць і работнікі іншых цэхаў.

XS
SM
MD
LG