Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

У раёне старажытнага гораду Браслаў на возеры Дрывяты стартавала водная краязнаўчая экспэдыцыя, якую складаюць восем жыхароў Нясьвіжу – сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ і Маладога Фронту на чале зь лідэрам Нясьвіскае рады Алесем Язьвінскім. Тры байдаркі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі накіраваліся ў бок возера Войса.

Сёньня ўдзень старшыня Нясьвіскае рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі Алесь Язьвінскі, ягоны сын, актывіст Маладога Фронту Зьміцер Язьвінскі ды яшчэ шэсьць іхных паплечнікаў і аднадумцаў на мікрааўтобусе прыехалі са свайго гораду ў Браслаў. Пасьля наведваньня мясцовага краязнаўчага музэю нясьвіжцы накіраваліся да прычалу, спусьцілі на водную роўнядзь Дрывятаў прывезеныя байдаркі, прыладзілі да кармавых частак бел-чырвона-белыя сьцягі ды стартавалі.

Празь нейкі час наперад выйшла байдарка Язьвінскіх. І гэта натуральна: бацька з сынам добрыя турысты, яны дасканала ведаюць каскад Браслаўскіх азёраў і рэчку Друйку, што злучае іх між сабою, а таму ачаляюць згаданы маршрут.

Як паведаміў мне па тэлефоне з Браславу напярэдадні старту Алесь Язьвінскі, іхная экспэдыцыя да 24 ліпеня, дня фінішу, мусіць прайсьці пасьля Дрывятаў азёры Войса, Струста, Снуды, Недрава і па Друйцы вярнуцца назад у Браслаў.

Пад час сваёй воднай вандроўкі ўдзельнікі маршруту будуць у розных мейсцах прычальваць да берагу. Напрыклад, наведаюць касьцёл, што месьціцца ў ваколіцах возера Недрава, будуць запісваць паданьні й песьні мясцовых жыхароў, цікавіцца іхным сёньняшнім жыцьцём. Акрамя таго, краязнаўцы правядуць своеасаблівую экалягічную пашпартызацыю пэўных аб'ектаў прыроднага асяродзьдзя. Іх пад эгідаю ўправы справамі прэзыдэнта сапсавалі людзі Івана Ціцянкова, калі параўнаўча нядаўна стваралі нацыянальны парк "Браслаўскія Азёры". Напрыклад, парэзалі бульдозэрам шмат узгоркаў, пад час пракладваньня ў тутэйшых мясьцінах аўтамабільнае дарогі, – заўважыў Алесь Язьвінскі.

Паводле ягонага перакананьня, зараз сапраўдныя патрыёты Бацькаўшчыны павінны па ўсяе Беларусі літаральна ваяваць супраць барбарскага абыходжаньня з помнікамі прыроды й культуры, каб нідзе больш не паўтарыўся сумны лёс практычна зьнішчанага старажытнага паркавага комплексу вакол Радзівілаўскага замку ў Нясьвіжы.

XS
SM
MD
LG