Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Беларусі сканчваецца аднаўленчая праца ў справе ліквідацыі наступстваў прайшоўшага ўрагану. Пра гэта сёньня абвясьціў міністар у справах надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў.

Валеры Астапаў паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі пра наступствы ўрагану, які пранёсься над краінаю напрыканцы мінулага тыдня.

Наколькі нечаканаю для беларускіх уладаў была прыродная стыхія? Ці не застала яна зьнянацку адмысловыя аддзелы міністэрства? На гэтыя пытаньні нашага радыё генэрал Астапаў адказаў вось што:

(Астапаў: ) "Не, не зьнянацку. Справа ў тым, што штармавое папярэджаньне было яшчэ раніцай. І натуральна, што адразу ва ўсе ворганы, камісіі і гэтак далей пайшла інфармацыя".

– зазначыў Валеры Астапаў.

Паводле ягоных словаў, калі б не было ажыцьцёўлена папераджальных дзеяньняў, дык шкоды ад урагану магло б быць у 10 разоў болей.

Сёньня ўраніцу ўрадавая камісія ў справе надзвычайных сытуацыяў, якой кіруе віцэ-прэм'ер Генадзь Навіцкі, зрабіла чарговыя падсумаваньні нанесенага краіне ўрону. Міністар паведаміў, што ў мінулую пятніцу за паўгадзіны стыхія прынесла шмат бяды. Усяго ад яе пацярпелі 1026 населеных пунктаў. Адзін чалавек загінуў, два былі траўмаваныя. Моцны вецер разбурыў 6 хатаў і яшчэ часткова пашкодзіў 378. Апроч таго, нанесеныя пашкоджаньні дзясяткам калгасных і саўгасных фермаў, шматлікім гаспадарчым пабудовам, адміністрацыйным будынкам, аб'ектам сувязі ды энэргетыкі, 4 тысячам сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Ёсьць лесапавалы.

Фінансавы эквівалент наступстваў мінулае стыхіі пакуль, аднак, не вядомыя. Як зазначыў міністар, у раёнах працуюць ацэначныя камісіі, якія падлічваюць страты. Пра іх будзе абвешчана толькі 26 ліпеня. Разам з тым, ужо зараз вядомыя 7 найбольш пацярпелых раёнаў. Гэта – Віцебскі, Сеньненскі, Талачынскі, Магілеўскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі й Кармянскі.

Паводле інфармацыі Валерыя Астапава, аднаўленчыя работы на сёньняшні дзень пераважна скончаныя. Але, нягледзячы на такі бадзёры рапарт, прыведзеная ім колькасьць адноўленых хатаў – 196 на 18 ліпеня – чамусьці істотна розьніцца зь лічбаю пацярпелых жылых пабудоваў. Кампанія ліквідацыі наступстваў урагану, сказаў ён, грунтуецца на адміністрацыйна-камандных дзеяньнях. Асобам, якія займаюцца аднаўленьнем, аддаюцца загады, якія не павінны аспрэчвацца. Аднак, паведаміў міністар, ужо зараз паўстаюць пытаньні, хто будзе плаціць за шыфэр, рубэроід ды іншыя будаўнічыя матэрыялы, якія накіроўваюцца на патрэбы аднаўленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG