Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры арганізацыйнага камітэту "Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць" сустрэліся сёньня з амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Дэніэлам Спэкгардам. У часе сустрэчы кіраўніку амэрыканскае дыпляматычнае місіі ды іншым супрацоўнікам амбасады было перададзенае афіцыйнае запрашэньне прысутнічаць на зьезьдзе ў якасьці гасьцей.

Галоўнай мэтаю сустрэчы сябраў аргкамітэту зьезду са спадаром Спэкгардам было інфармаваньне амэрыканскіх дыпляматаў пра задачы гэтага форуму й працэс яго падрыхтоўкі.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту "Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць", акадэмік Радзім Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) "Мы проста паставілі нашых амбасадараў ў вядомасьць, што адбудзецца. Бо яны хоць і чулі пра гэта, але ведаюць яшчэ мала. Яны вельмі цікавіліся, якая мэта, якая рэакцыя ўладаў. Яны сказалі, што вельмі падтрымліваюць саму ідэю, падтрымліваюць і тое, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай. Спэкгард ад'яжджае ўжо, яго, можа, і ня будзе, а вось яго памочнікі абяцалі прысутнічаць",

– паведаміў спадар Гарэцкі.

Падобныя сустрэчы сябры аргкамітэту таксама правялі з амбасадарамі Нямеччыны – Хорстам Вінкэльманам, Італіі – Джавані Чэруці, Летувы – Ёнасам Паслаўскасам і кіраўніком Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Гансам-Георгам Вікам. Усе гэтыя дыпляматы абяцалі прысутнічаць на зьезьдзе.

Як паведаміў спадар Гарэцкі, у бліжэйшы час таксама плянуюцца сустрэчы з амбасадарамі Вялікабрытаніі, Францыі, Украіны ды некаторых іншых дзяржаваў. Сябры аргкамітэту хацелі таксама спаткацца і з амбасадарам Расеі ў Менску, але той адмовіўся ад сустрэчы.

Тым часам, амаль з усёй Беларусі на зьезд ужо вылучана 570 дэлегатаў. Паводле словаў супрацоўнікаў рабочае групы, пратаколы сходаў грамадзянаў у справе абраньня дэлегатаў паступаюць у аргкамітэт кожны дзень. Арганізатары зьезду спадзяюцца, што 29 ліпеня на зьездзе будзе прысутнічаць ня менш як сямсот дэлегатаў і больш за сотню гасьцей.

Прадстаўнікі аргкамітэту гавораць, што ўлады асабліва не перашкаджаюць падрыхтоўцы да зьезду, хаця ў некаторых рэгіёнах краіны мясцовыя чыноўнікі не дазваляюць праводзіць сходы грамадзянаў, патрабуючы падаваць заяўкі на іх правядзеньне за два тыдні. Таму сябры аргкамітэту Ўсебеларускага зьезду ў гэтых раёнах праводзяць вылучэньне дэлегатаў шляхам збору подпісаў грамадзянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG