Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня ў Магілеўскім абласным судзе была задаволеная касацыйная скарга абаронцаў сына вядомага ў рэгіёне праваабаронцы Дзьмітрыя Абадоўскага, які прызнаны вінаватым ва ўчыненьні крадзяжу.

Рашэньнем калегіі Магілеўскага абласнога суда пад старшынствам Уладзімера Пуцылы адменены прысуд суда Цэнтральнага раёну Магілеву, у адпаведнасьці зь якім за крадзёж 26-гадовы Дзьмітры Абадоўскі павінен быў правесьці 5 гадоў і 3 месяцы ў калёні строгага рэжыму. Таксама была адмененая пастанова таго ж суда па вылучанай у асобную вытворчасьць справе, паводле якой малодшы Абадоўскі абвінавачваецца ў згвалтаваньні. Судзьдзя Андрэй Юрчанка пастанавіў правесьці генэтычную экспэртызу ў навукова-дасьледчым інстытуце крыміналёгіі. І гэта таксама адменена калегіяй абласнога суда.

Рашэньне і пастанова суда былі абскарджаныя Абадоўскім-бацькам на падставе шматлікіх грубых парушэньняў крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Як сказаў на разглядзе касацыйнай скаргі Сяргей Абадоўскі, працэс над ягоным сынам можа ўвайсьці ў юрыдычныя падручнікі як яскравы адмоўны прыклад, як пасадзіць за краты бязьвіннага чалавек і як ня трэба весьці сьледзтва.

Зазначым, што хутчэйшаму разгляду скаргі ў абласным судзе безумоўна паспрыяла галадоўка, якую аб'явіў Дзьмітры Абадоўскі на знак пратэсту супраць прававога бязьмежжа, учыненага супраць яго самога і яго сям'і. Ён галадаў 16 дзён. Як ён напісаў у заяве на імя пракурора вобласьці, на пятыя суткі галадоўкі яго зьбіў супрацоўнік турмы за быццам бы парушэньне рэжыму – у дзённы час ляжаў на нарах. Чалавек у масцы нанес яму пятнаццаць удараў нагамі. І толькі на восьмы дзень галадоўкі да Абадоўскага прыйшоў лекар. Акрамя гэтага Дзьмітры Абадоўскі накіраваў ліст вядомым беларускім праваабаронцам, дзякуючы якім ягоная галадоўка набыла вядомасьць у краіне, а крымінальная справа, увогуле, гэта вельмі важна, знаходзіцца на кантролі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ.

Аднак сёньняшняе рашэньне калегіі Магілеўскага абласнога суда ня ставіць кропку ў справе Дзьмітрыя Абадоўскага. Працягваецца разгляд справы што да абвінавачваньня яго ў згвалтаваньні. Дзьмітры па-ранейшым ў сьледчым ізалятары, дзе ён знаходзіцца з ліпненя летась. Апрача таго, пракуратура і сьледчыя ворганы маюць магчымасьць абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG