Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юліі Чыгір пагражае пакараньне турмою тэрмінам да двух гадоў. Пракуратура Фрунзэнскага раёну Менску абвінавачвае жонку экс-прэм'ера Міхала Чыгіра ў аказаньні супраціву міліцыі. Зь Юліі Чыгір ўзятая падпіска пра нявыезд.

Больш як тры гадзіны доўжыўся сёньняшні допыт Юліі Чыгір у пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску, куды яна была выкліканая для правядзеньня сьледчых дзеяньняў паводле факту падзеяў 19 траўня. У выніку жонцы экс-прэм'ера Міхала Чыгіра было прад'яўлена абвінавачваньне ажно паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яна абвінавачваецца ва ўмяшаньні ў дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ды аказаньні ім супраціву. Першае злачынства прадугледжвае пакараньне ў выглядзе грашовага штрафу або папраўчых работ тэрмінам да году, а вось аказаньне супраціву міліцыі караецца паводле кодэксу папраўчымі работамі да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі да двух гадоў.

"Гэта вельмі сур'ёзна, я пераканалася, што яны не зьбіраюцца саступаць і хочуць давесьці справу да суду", – пракамэнтавала настроі сьледчых Юлія Чыгір. Яна, аднак, упэўненая, што доказы сьледзтва будуць слабейшыя за тыя доказы, якія яна прад'явіць суду ў сваё апраўданьне.

Юлія Чыгір кажа:

(Чыгір: ) "Узбуджаць справу і раскручваць яе для мяне вельмі выгадна. Яму ж патрэбна будзе адказаць, чаму ягонае вуха аказалася ў мяне ў роце. Я што скакала да яго? Было вельмі шмат сьведкаў таго, што тады адбывалася. У мяне гэта ўсё ёсьць на запісах, на фотаздымках, і я не разумею, каму гэта трэба. Здаецца, што тым жа людзям, каму выгаднае і зьнікненьне Завадзкага. Ім патрэбны скандал".

Нарэшце Юлія Чыгір ведае прозьвішча таго пакусанага ёю міліцыянта, чые паказаньні пакладзеныя сьледзтвам у падмурак абвінавачваньня. Гэта намесьнік начальніка аддзелу міліцыі №3 Фрунзэнскага РАУС маёр Амельчанка. Сёньня сьледчыя зарганізавалі зь ім сустрэчу для апазнаньня. Пры гэтым Юлія Чыгір кажа, што ня бачыла ў справе ягонае заявы як пацярпелага, але там ёсьць ягоныя паказаньні як сьведкі.

Маёр заяўляе, што ў той дзень, 19 траўня, Юлія Чыгір перашкаждала міліцыянтам наводзіць парадак на ганку суда і аказала яму супраціў, калі ён паспрабаваў адцягнуць яе ад месца падзеяў. "Быццам бы я ўкусіла яго за вуха і доўга не расьціскала зубоў, каб нанесьці яму як мага большую шкоду", – цытуе паказаньні міліцыянта Юлія Чыір. Яна называе іх хлусьнёю. Паводле яе, гэта міліцыянты, у тым ліку маёр Амельчанка, незаконна ўжылі сілу супраць яе і астатніх людзей на ганку суда.

"У мяне ёсьць відэазапіс тых падзеяў, на якім добра бачна, як хто сябе паводзіў. Гэты відэазапіс не пакіне сумневу, што я невінаватая і толькі баранілася ад нападу", – кажа Юлія Чыір. Прадаставіць гэты відэазапіс сьледчым яна адмовілася, сказаўшы, што пакажа яго толькі суду. Жонка экс-прэм'ера ўжо зарганізавала прагляд гэтага запісу для журналістаў. Варта заўважыць, што стужка, якую здымаў адзін зь сяброў Чыгіроў, сапраўды пераконвае, што Юлія Чыгір ні на кога не нападала.

Дарэчы, яна працягвае патрабаваць ад сьледзтва разабрацца ва ўсіх абставінах падзеяў 19 траўня. У прыватнасьці, высьветліць, чаму міліцыя не пускала людзей на працэс і хто аддаў загад зьбіваць тых, хто хацеў трапіць у будынак, каб пачуць прысуд Міхалу Чыгіру.

Сьледчы Зьміцер Шкарпута, які вядзе гэтую справу, абяцае, што ўсе абставіны будуць высьветленыя. Магчыма, дзеля гэтага на час сьледзтва сьледчы ўзяў зь Юліі Чыгір падпіску пра нявыезд.

XS
SM
MD
LG