Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 15 ліпеня)
За жонкаю экс-прэм'ера Міхала Чыгіра палюе пракуратура. Сам Міхал Чыгір працягвае азнаямленьне з пратаколам сваёй справы і выказвае ўпэўненасьць, што прысуд яму будзе ануляваны.
Павал Шарамет лічыць, што беларускія спэцслужбы наўмысна распаўсюджваюць неверагодня вэрсіі пра зьнікненьне апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага…

Да шэрагу вядомых людзей, што зьніклі ў Беларусі, як многія лічаць – паводле палітычных матываў, дадаўся яшчэ адзін чалавек – апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Учора мінуў тыдзень, як на дарозе ў Нацыянальны аэрапорт "Менск" ці на тэрыторыі аэрапорту зьнік Завадзкі, а ніякіх ягоных сьлядоў ня знойдзена. Такім чынам, як ў люстэрку паўтараецца гісторыя, што ўжо здарылася зь Юрыям Захаранкам, Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім.

Быў чалавек, езьдзіў на машыне, быў паўсюль у цэнтры ўвагі, і раптам зьнік, і ніхто нічога ня бачыў. Ці бачыў, ды маўчыць. Як маўчаць сьведкі захопу невядомымі былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. Дакладна вядома, што знайшліся людзі, якія з вакна суседняга дому назіралі, як Захаранку зацягнулі ў машыну некалькі невядомых маладых людзей у цывільным, але гэтыя сьведкі падцьвердзіць свае паказаньні ў міліцыі адмаўляюцца. Баяцца.

Рэжым страху, што йснуе сёньня ў Беларусі, не дае шанцаў сьведкам, якія бачылі нешта такое, чаго нельга бачыць. Адпаведна няма шанцаў і ў родных ахвяраў, бо ў такім становішчы ўсе пошукі зьніклых робяцца безсэнсоўнымі.

Улада між тым робіць выгляд, што ёю прадпрымаюцца нейкія намаганьні для таго, каб раскрыць сакрэт зьнікненьня людзей. Магчыма, шэраговыя міліцыянты і шчырыя ў сваіх абяцаньнях зрабіць усё, што ад іх патрабуе службовы абавязак.

Але словам некаторых кіраўнікоў краіны веры мала. Першы намесьнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Замяталін, нагадаю, ужо праз два дні пасьля зьнікненьня Завадзкага пасьпеў заявіць, што "гэта зрабіла апазыцыя". Пры гэтым не абцяжарваў сябе аніякімі доказамі. А яшчэ празь некалькі дзён Міхал Удовікаў, які выконвае абавязкі міністра ўнутраных справаў, агаласіў вэрсію, што Завадзкі можа быць у Рызе, дзе ён здымаў нейкія казыно.

Павал Шарамет, які працаваў разам з Завадзкім, ня лічыць, што міліцыянт проста выказаў адну з вэрсіяў. Асабіста ён упэўнены, што зьнікненьне Зьміцера Завадзкага мае ўнутранае паходжаньне і шукаць яго трэба тут, у Беларусі.

Дарэчы, нагадаю, што хутка пасьля зьнікненьня Віктара Ганчара грамадзтву праз дзяржаўныя СМІ падкідвалася вэрсія, быццам Ганчара бачылі ў Вільні. Вэрсія аказалася звычайнай прыдумкаю, гэтак, як і сьцьвярджэньне, што Юры Захаранка зьбег ва Ўкраіну да сваякоў. Гэтую вэрсію агалошваў нават Аляксандар Лукашэнка. Але яна не пацьвердзілася.

Ані Захаранка, ані Ганчар з Красоўскім ня знойдзеныя. Цяпер вось сярод зьніклых лічыцца й Зьміцер Завадзкі.

На пытаньне пра Завадзкага цікава адказаў расейскім тэлегледачам экс-прэм'ер Міхал Чыгір. У чацьвер у перадачы Аляксандра Любімава "Здесь и сейчас" Чыгір выказаў меркаваньне, што супраць Завадзкага магла дзейнічаць адная з спэцслужбаў, якіх цяпер у Беларусі панастварана шмат і цалкам верагодна, што яны паміж сабою канкуруюць. Міхал Чыгір не выключае, што журналіст быў выкарыстаны ў якасьці пешкі ў нейкай складанай паддывановай гульне спэцслужбаў.

Пра сваю справу экс-прэм'ер паведаміў, што яна будзе перагледжаная і ён спадзяецца на адмену прысуду. Я зьвязваўся з Міхалам Мікалаевічам ужо пасьля інтэрвію, ён сказаў, што азнаямленьне з пратаколам ягонае справы адвакатамі вядзецца, калі будзе прызначаны касацыйны разгляд, пакуль невядома.

Тым часам жонка экс-прэм'ера Юлія апынулася як і муж, у ролі чалавека, якога перасьледуюць паводле крымінальнага закону. У чацьвер Юлію Чыгір знайшла міліцыя, адмыслова адпраўленая на яе пошукі. Урэшце рэшт з другой спробы міліцыянты ўручылі Юліі Чыгір позву зьявіцца ў Фрунзэнскую пракуратуру. Яна абвінавачваецца ў тым, што нанесла цялеснае пашкоджаньне міліцыянту.

Нагадаю, што за пашкоджаньне. Юлія Чыгір укусіла міліцыянта за вуха ў той момант, калі ахоўнік парадку спрабаваў адцягнуць яе з ганку суда, дзе міліцыянты сталі сьцяною і не пускалі людзей на працэс над Чыгіром. Юлія Чыгір кажа, што дзейнічала ў мэтах абароны, бо ў той момант ня бачыла, хто яе схапіў ззаду і ня ведала, куды цягнуць. Жанчына сама атрымала тыды траўму рукі, і вось высьвятляецца, з пацярпелай ператварылася ў абвінавачваную.

Аднак у пракуратуру Юлія Чыгір пайсьці адмаўляецца. Яна кажа: "Калі яны хочуць судовага працэсу над жанчынаю за тое, што яна абараняла сваю годнасьць, яны яго атрымаюць. Хай зьбіраюць свае доказы безь мяне, сустрэнемся ў судзе".

Цікавы момант, што, паводле зьвестак зь міліцыі, пацярпелы ад зубоў Юліі Чыгір міліцыянт сам аніякае скаргі на яе не падаваў. Яго абараняе пракуратура.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG