Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

У Менскім раённым судзе працягваўся разгляд адміністрацыйнае справы актывістаў БНФ Юры Зянковіча, Алега Скарабагатава і Сяргея Абакунчыка. Ім інкрымінуецца спроба арганізацыі 4 чэрвеня на кірмашовым пляцы ў Заслаўі несанкцыянаванага мітынгу.

Сёньня судзьдзя Менскага раённага суду Зьміцер Грыцэль заслухоўваў падсудных Юрыя Зянковіча і Алега Скарабагатага. А таксама групу сьведак, у тым ліку міліцыянтаў Бут-Гусаіма ды Ярашэвіча, якія мкнуліся даказаць, нібы народнафронтаўцы мелі намер учыніць недазволеную ўладамі акцыю. Падсудныя ды іхныя сьведкі гэта аспрэчвалі. Юры Зянковіч распавёў пра наступны факт: напярэдадні правядзеньня сустрэчы ён, як старшыня суполкі, дамовіўся з начальнікам гарадзкога аддзелу міліцыі спадаром Марозавым, што хлопцы сустрэнуцца зь землякамі. Але не на пляцу ля будынку гарадзкога выканкаму, як хацелі дэмакраты, а менавіта на кірмашовым пляцы, як запатрабаваў Марозаў.

Як падкрэсьліла ў гутарцы са мною грамадзкая абаронца праваабарончага цэнтру "Вясна" Леанарда Мухіна, паводзіны міліцыянтаў паказалі, што яны ня проста парушылі ранейшыя дамоўленасьці, а сарвалі сход, на які ня трэба ўладнае санкцыі, паводле чыста палітычнае матывацыі. Каб, напрыклад, не дазволіць сябрам БНФ давесьці жыхарам Заслаўя пазыцыі Народнага Фронту ў адносінах да выбараў у лукашэнкавы парлямэнт і да маючага адбыцца Ўсебеларускага зьезду. Тым больш, што ахоўнікі парадку ў сваіх паказаньнях дапусьцілі разнабой: капітан казаў, нібы на свае вушы чуў, як "бээнэфаўцы" заклікалі праз мэгафон заслаўцаў прыйсьці на мітынг; а лейтэнант сьведчыў пра мэту народнафронтаўцаў правесьці несанкцыянаваны сход, замаскаваны пад легітымную сустрэчу.

А пенсіянэр Сяргіевіч на судзе сказаў, што ў пратаколе ягонага допыту, як сьведкі падзеі, міліцыянты запісалі тое, што ім пажадалася. А сам ён чуў заклікі народнафронтаўцаў прыйсьці на сустрэчу. Туды ён і сам сьпяшаўся, але па дарозе яго перапынілі супрацоўнікі аддзелу ўнутраных справаў.

Заўтра судзьдзя Грыцэль падоўжыць разгляд гэтае справы.

XS
SM
MD
LG