Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Сяргей Шупа, Вільня

У нямецкай газэце Die Tageszeitung зьявіўся артыкул Барбары Эртэль «Аўтакратычны выбар», у якім разглядаюцца пэрспэктывы арганізоўваных менскім рэжымам выбараў у створаныя Лукашэнкам заканадаўчыя ворганы.

На 15 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка прызначыў выбары ў новы беларускі парлямэнт, паведамляе чытачам газэты Die Tageszeitung Барбара Эртэль. Але паводле нядаўна прынятага і дзейнага сёньня выбарчага закону, выходзіць так, што людзям можна болей не сьпяшацца на выбарчыя ўчасткі, бо вынік выбараў вызначаны ўжо загадзя. Як і ў папярэдняй «палатцы», сьпіс дэлегатаў якой складаў сам Лукашэнка, у новым парлямэнце абсалютную бальшыню таксама складуць ягоныя прыхільнікі.

Якраз гэтую праблему сёньня і вымушаная вырашаць міжнародная супольнасьць. Ужо некалькі месяцаў розныя эўрапейскія структуры спрабуюць пасадзіць за стол перамоваў прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і ўраду і тым самым забясьпечыць хоць мінімальныя дэмакратычныя стандарты выбараў.

Аднак дагэтуль, паводле вобразнага выслоўя аўтаркі артыкулу ў газэце Die Tageszeitung , заходнім пасярэднікам даводзілася толькі грызьці граніт непахіснасьці аўтакратычнага рэжыму. Апазыцыя не дапускаецца да ўдзелу ў выбарчых камісіях, ёй забаронены достую да электронных мэдыяў, а асобы, якія некалі траплялі ў канфлікт з уладамі, аўтаматычна пазбаўленыя пасіўнага выбарчага права.

Асабліва ж у АБСЭ баліць галава з-за пытаньня, ці не легітымізуе гэткі выбарчы фарс прысутнасьць на выбарах міжнародных назіральнікаў. Адказ на гэтае пытаньне ня знойдзены й дагэтуль.

Што да апазыцыі, дык яна ўжо перакананая ў тым, што дыялёг паміж яе прадстаўнікамі і ўладай немагчымы. Яная заклікала да байкоту выбараў. «У нас хворыя прымаюць пастановы, а лекароў ніхто не пытаецца. І раптам апазыцыя мусіць выступаць у ролі тэрапэўта. Мы ў гэтым фарсе ўдзельнічаць ня будзем», - заявіў колішні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

На думку некаторых назіральнікаў, калі б апазыцыя найстойвала далей на байкоце, дык яна б страціла пэўныя шанцы. няўдзел у выбарах мог бы таксама сустрэць неразуменьне ў насельніцтва. Паводле апытаньня, праведзенага нядаўна лябараторыяй НОВАК, 89% апытаных выказваюцца за правядзеньне справядлівых выбараў на альтэрнатыўнай аснове. Разам з гэтым, большасьць апытаных прагаласавала б на прэзыдэнцкіх выбарах за Лукашэнку як за адзінага вядомага ва ўсёй краіне палітыка. Гэты адказ апытаныя абгрунтоўваюць тым, што кіраўнік дзяржавы «клапоціцца аб дабрабыце людзей».

XS
SM
MD
LG