Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 14 ліпеня)
Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына лічыць, што выбары ў гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" пройдуць дэмакратычна. У той жа час яна дала зразумець, што ўладам усё роўна – ці будуць гэтыя выбары прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Напэўна, самае галоўнае пытаньне – гэта міжнароднае прызнаньне беларускіх парлямэнцкіх выбараў. Самым вызначальным знакам тут стане прыезд або непрыезд міжнародных назіральнікаў. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што назіральнікі на выбары будуць запрошаныя.

"У нас ужо сёньня ёсьць магчымасьць зьвярнуцца да ўсіх міжнародных назіральнікаў і накіраваць ім прапанову прыехаць на выбары, што мы й зробім", – паведала старшыня Цэнтарвыбаркаму.

У той жа час Ярмошына заявіла, што Цэнтарвыбаркам праводзіць выбары для выбаршчыкаў, незалежна ад таго, прыедуць на іх назіральнікі з-за мяжы ці не. Старшыня Цэнтарвыбаркаму выказала ўпэўненасьць, што назіральнікі з краінаў СНД прыедуць абавязкова.

Пра магчымы прыезд заходніх назіральнікаў Ярмошына ня можа казаць з гэткай жа ўпэўненасьцю. Міжнародныя структуры маюць прыняць рашэньне пра гэта ў жніўні. Чатыры ўмовы прызнаньня выбараў з боку АБСЭ беларускімі ўладамі ня выкананыя. Напрыклад, Ярмошына паведаміла, што ня бачыць неабходнасьці ўвесьці ў склад Цэнтарвыбаркаму прадстаўнікоў палітычных партыяў.

Тым, хто пойдзе ў кандыдаты, працаваць будзе складана. Зь бюджэту на выбарчы фонд, зь якога будуць фінансавацца кампаніі кандыдатаў, выдаткуецца сумма, роўная 4-м мільёнам даляраў. На кожнага выбаршчыка атрымліваецца па 60 цэнтаў. Вядома, што кандыдат ня можа карыстацца грашыма, якія не былі яму выдаткаваныя цэнтралізавана.

Спадарыня Ярмошына прызнае, што ў сьвеце ёсьць толькі адная форма пазабюджэтнага фінансаваньня перадвыбарчых кампаніяў – індывідуальныя фінансавыя фонды кандыдатаў. Але старшыня Цэнтарвыбаркаму патлумачыла, што ў Беларусі практыка прынцыпова іншая:

(Ярмошына: ) "Калі паўстала гэтае пытаньне, нашыя заканадаўцы адмовіліся ад такога шляху і вырашылі, што ў нас ствараецца агульны пазабюджэтны фонд пры Цэнтарвыбаркаме, у які ўсе жадаючыя могуць пералічыць сродкі. І сродкі фонду будуць роўна падзеленыя паміж усімі кандыдатамі й выбарчымі камісіямі.

Упершыню аб'яву пра такі фонд мы давалі пад час правядзеньня выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў летась у красавіку. Магу сказаць, што летась у гэты фонд не было пералічана аніводнага рубля. Таму што фундатараў-альтруістаў, якія ананімна будуць даваць грошы, у прыродзе не йснуе".

Гэта была Лідзія Ярмошына.

Кандыдатам прыдзецца карыстацца толькі невялікімі бюджэтнымі выдаткаваньнямі, на якія аніякае кампаніі ня зробіш. Гэта, відавочна, прывядзе да шматлікіх парушэньняў і як вынік – адсеву няўгодных кандыдатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG