Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У падрыхтоўку да маючых адбыцца восеньню парлямэнцкіх выбараў уключылася Рэспубліканская каардынацыйная рада ў справе арганізацыі нагляду за выбарамі. Яна ўжо падрыхтавала каля паўтары тысячы назіральнікаў зь ліку сябраў палітычных партыяў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Плянуецца, што да дня выбараў, 15 кастрычніка, іх колькасьць складзе каля шасьці тысячаў чалавек.

Старшыня Рэспубліканскае каардынацыйнае рады ў справе арганізацыі нагляду за выбарамі Мечыслаў Грыб запэўнівае, што падрыхтаваныя назіральнікі абавязкова будуць прысутнічаць на выбарчых участках.

(Грыб: ) "Мы ня ставім пытаньня – пойдуць партыі на выбары ці ня пойдуць – гэта ня нашае пытаньне, гэта іх пытаньне, няхай яны яго і вырашаюць кожная паводле сваіх поглядаў. Ва ўсялякім выпадку мы маем назіральнікаў за выбарамі і рыхтуемся да гэтага".

Тэарэтычная падрыхтоўка назіральнікаў адбываецца на аднадзённых сэмінарах, што ладзяцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Яны ўключаюць лекцыі па выбарчаму заканадаўству, мэтодыцы назіраньня за выбарамі. Будучыя назіральнікі знаёмяцца з мэтодамі прадухіленьня магчымых парушэньняў.

Спадар Грыб з сумам канстатуе, што ўсё навучаньне базуецца на ўласна беларускім досьведзе – на прыкладах парушэньняў і супрацьдзеяньняў з боку ўладаў, што мелі месца ў Беларусі пад час мінулых выбараў у парлямэнт і мясцовыя саветы, а таксама на абодвух рэфэрэндумах.

Бліжэйшым часам Рада ў справе арганізацыі нагляду за выбарамі плянуе выдрукаваць даведнік для назіральнікаў.

Тым часам, дзяржава, якая дэкляруе дэмакратычны характар выбарчае кампаніі, ня тое, што ніякім чынам не спрычыняецца да падрыхтоўкі назіральнікаў, а ўвогуле супрацьдзейнічае гэтай працы. Спадар Грыб пацьвярджае, што такія факты ўжо ёсьць:

(Грыб: ) "Улады як заўсёды нам процідзейнічаюць. То адмовяць нам у памяшканьні, дзе мы дамовімся сэмінар правесьці, забараняюць, не даюць…"

Адным з найбольш яскравых сьведчаньняў супрацьдзеяньня ўладаў падрыхтоўцы назіральнікаў зьяўляюцца няспынныя адмовы Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі "Грамадзкага руху за свабодныя і дэмакратычныя выбары".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG