Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менск прыбыла ўрадавая дэлегацыя Іраку на чале зь віцэ-прэм'ерам ураду гэтае краіны Хекматам Аль-Аззаві. Іракцы ўжо мелі сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

Стасункі Беларусі з рэжымам Садама Гусэйна атрымалі новы імпульс – у Менск зь візытам прыбыла ірацкая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм'ерам ураду і міністрам фінансаў Хекматам Аль-Аззаві.

Афіцыйна візыт пачаўся сёньня, але прыехалі пасланцы Гусэйна яшчэ ў суботу, і на працягу двух дзён умацоўвалі сяброўства ў неафіцыйнай абстаноўцы. Аднак, дзе яны пабывалі за гэты час, з кім сустрэліся, афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. А ўжо сёньня ў першай палове дня ірацкіх гасьцёў прыняў Аляксандар Лукашэнка, што вельмі паказальна ў сэнсе дэманстрацыі прыярытэтаў.

Надзвычайную павагу да рэжыму, які разглядаецца міжнароднай супольнасьцю як небясьпечны, Лукашэнка падмацаваў ня толькі гэткай асаблівасьцю пратаколу, але й адмысловымі заявамі. Спачатку ён у дзяжурным стылі запэўніў ірацкага віцэ-прэм'ера, што "Беларусь гатовая да павелічэньня гандлёва-эканамічных стасункаў зь Іракам", а потым рашуча асудзіў "вайсковы і эканамічны ціск на Ірак" з боку Захаду.

Чым, акрамя выслухоўваньня прыемных словаў ад беларускіх кіраўнікоў, будзе займацца ў Менску пасланьнік Садама Гусэйна? Паводле МЗС Беларусі, віцэ-прэм'ер Іраку возьме ўдзел у працы супольнай міжурадавай камісіі ў справе супрацоўніцтва і наведае шэраг прадпрыемстваў, сярод якіх трактарны і аўтамабільны заводы, аб'яднаньні "Атлант" і "Белбіяфарм".

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Замяталін, які лічыцца галоўным спэцыялістам у беларуска-ірацкіх стасунках кажа, што Ірак зацікаўлены набываць трактары, грузавыя аўтамабілі, аўтобусы "МАЗ", будаўнічую аўтатэхніку.

Наглядальнікаў, між тым, турбуе, ці не спрабуе Беларусь гандляваць зь Іракам зброяй, што забаронена Арганізацыяй аб'яднаных нацыяў. Падазрэньні грунтуюцца на своесаблівасьцях стасункаў Беларусі з рэжымам Гусэйна, якія апошнім часам значна актывізаваліся, і на тым факце, што ў апошнія гады Беларусь, адчуваючы значны недахоп валюты, менавіта праз гандаль зброяй спрабуе вырашыць гэтую складаную для сябе праблему.

Аднак, пакуль доказаў таго, што лукашэнкаваму ўраду ўдалося зарабіць хаця б даляр на пастаўках зброі ў Ірак, ня знойдзена. Як афіцыйныя, гэтак і неафіцыйныя асобы, якія прадстаўляюць Беларусь у Іраку, запэўніваюць, што такі гандаль цалкам немагчымы. Пра гэта, у прыватнасьці, заявіў "Радыё Свабода" лідэр беларускіх лібэральных дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч, які неаднаразова быў у Іраку на запрашэньне тамтэйшага ўраду і асабіста Садама Гусэйна.

"Нават двух трактараў "Беларус" у Ірак без дазволу ААН правезьці немагчыма, а пра зброю няма чаго й казаць", – сьцьвярджае Сяргей Гайдукевіч.

І ўсё ж адсутнасьць прамога гандлю зброяй паміж Беларусьсю і Іракам зусім не азначае адсутнасьці вайсковага супрацоўніцтва. Яно вядзецца, у прыватнасьці, у галіне супольнай падрыхтоўкі вайсковых кадраў і кансультацыяў вайсковых спэцыялістаў. Ірацкія курсанты навучаюцца ў вышэйшых вайсковых вучэльнях Беларусі, і паводле некаторых дадзеных, колькасьць такіх навучэнцаў павялічваецца.

Ня выключана, што пад час цяперашняга візыту Хекмата Аль-Аззаві гэтае супрацоўніцтва таксама атрымае дадатковы імпульс. Візыт віцэ-прэм'ера Ірака ў Беларусь працягнецца да 20 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG