Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Сяргей Шупа, Вільня

Гэтымі днямі жонка зьніклага год таму апазыцыйнага палітыка Юрыя Захаранкі Вольга і яе дачка Лена сустракаюцца з грамадзкасьцю Нямеччыны з мэтай прыцягнуць увагу да лёсу былога міністра ўнутраных справаў Беларусі. Інфармацыю пра гэтыя сустрэчы публікуюць гэтымі днямі нямецкія газэты.

Як паведамляе газэта «Ruhr Nachrichten», у горадзе Мюнстэры Вольга Захаранка і яе дачка Лена былі гасьцямі міжнароднага адукацыйнага цэнтру. Выступаючы ў залі мясцовай царквы, жонка палітыка зазначыла, што адзіная для яе магчымасьць паведаміць пра трагічны лёс яе мужа - гэта зьвярнуцца непасрэдна да шырокага грамадзтва. «Рур Нахрыхтэн» паведамляе, што сярод слухачоў былі і госьці зь Беларусі - дзеці з Чарнобыльскай зоны, а таксама нямецкія сем'і, якія прынялі іх на час лячэньня і адпачынку.

У артыкуле «У Беларусь зноў вярнуўся сталінізм» газэта «Westfelische Rundschau» паведамляе пра выступленьне Вольгі Захаранка ў Дортмундзе. Газэта цытуе словы спадарыні Захаранка пра тое, што «беларусь пад Лукашэнкам ператварылася ў месца, дзе фактычна больш не йснуе асноўных дэмакратычных свабодаў і правоў чалавека». У Беларусі ўжо даўно не йснуе справядлівых судоў, кожны дзень зьяўляецца ўсё болей несправядлівых прысудаў. Расьце таксама колькасьць перасьледваных, катаваных нялюдзкімі ўмовамі зьняволеньня і проста выгнаных з краіны.

Дзеля таго, што выказваньне пратэстаў у яе краіне сталася немагчымым, Вольга Захаранка зьвяртаецца цяпер да эўрапейскіх дзяржаваў з просьбай аб дапамозе, бо, паводле ейных словаў, «у Беларусь зноў вярнуліся часы сталінскіх рэпрэсіяў».

XS
SM
MD
LG