Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Нацыянальны цэнтар Беларусі ў прафілактыцыса СНІДу паведаміў, што ў першай палове гэтага году было зарэгістравана 283 новых хворых на СНІД. Гэта на 30% больш, чымся за адпаведны пэрыяд мінулага году. Усяго ж у Беларусі на сёньня ў наяўнасьці больш за тры тысячы хворых. Калі рост захворваньняў СНІДам будзе і надалей працягвацца ў такім тэмпе, дык у хуткім часе можна будзе гаварыць пра эпідэмію, якая, дарэчы, ужо ахапіла некаторыя краіны. Ангельскі часопіс Ekonomist надрукаваў у сваім апошнім нумары камэнтар на гэтую тэму.

Цяжка цалкам зразумець сутнасmць сытуацыі, – сьцьвярджае на сваіх старонках Ekonomist. – Да сёньняшняга дня на сьвеце ад СНІДу памёрла 19 млн. чалавек. Гэта прыблізна ў два разы болей, чымся загінула пад час першай Усясьветнай вайны. Але хворых СНІДам на плянэце сёньня 34 млн. Калі яны памруць на працягу наступных некалькіх год, СНІД заб'е амаль столькі ж людзей, колькі загінула пад час другой Усясьветнай вайны.

Эпідэмія хваробы не выказвае ніякіх прыкметаў спаду. Міжнародныя мэдычныя арганізацыі сьцьвярджаюць: штогод на сьвеце зьяўляецца 5 млн. новых хворых СНІДам. Калі б гэтыя людзі гінулі пад кулямі і бомбамі, пра іх лёс пісалі б усе газэты.

На думку Ekonomist, міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная барацьбе са СНІДам, якая на мінулым тыдні прайшла ў Паўднёва-Афрыканскім горадзе Дурбан, можа ў значнай ступені зьмяніць падобныя адносіны да СНІДу.

Прадстаўнікі шэрагу афрыканскіх краінаў-удзельніцаў канфэрэнцыі, паведамілі, што іх урады разглядаюць СНІД як пагрозу іх нацыянальнай бясьпецы. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі быў і прэзыдэнт Усясьветнага банку Джэймс Вольфэнсон. Паводле ягоных словаў, Усясьветны Банк дае неабмежаваную суму грошаў на барацьбу са СНІДам. На пачатку, падкрэсьліў ён, банк выдзяляе 500 млн. даляраў. Значныя фінансавыя сродкі на гэтыя мэты абяцаюць і прыватныя фармацэўтычныя фірмы. Адна зь іх, "Мerck", выдзеліла 50 млн. даляраў. Дзьве амэрыканскія гуманітарныя арганізацыі, Gates Foundation і American Charity, плянуюць арганізаваць комплексную акцыю прадухіленьня СНІДу для Батсваны, краіны, дзе адсотак хворых СНІДам самы высокі ў сьвеце.

Афрыка – кантынэнт, піша Ekonomist, дзе назіраецца сапраўдная эпідэмія СНІДу. На барацьбу з гэтай хваробай, паводле падлікаў спэцыялістаў Усясьветнага банку, афрыканскія краіны патрабуюць штогод да 2,3 млрд. даляраў. Такой сумы, зразумела, няма.

Барацьбу са СНІДам, піша Ekonomist, ускладняе беднасьць афрыканскіх краінаў, а таксама сталыя войны. Але ёсьць некалькі простых і танных крокаў, якія б маглі направіць сытуацыю.

Першы, сьцьвярджаецца ў артыкуле Ekonomist, - гэта зьмена адносінаў да сэксу ў афрыканскім грамадзтве. У шматлікіх афрыканскіх краінах размовы пра сэкс – гэта табу. Але, напрыклад, у такой краіне, як Уганда, гэтае табу было пераадоленае. У выніку на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя ўзровень СНІД-інфікаваных тут зьнізаўся з 14 да 8%.

Другі крок – гэта тэставаньне ўсіх цяжарных жанчынаў і лячэньне іх невірапінам і лекам AZT, калі ў іх выяўленая хвароба. Лекі гэтыя садзейнічаюць, каб вірусная снідавая інфэкцыя не перадавалася ад маці да дзіцяці. Толькі гэтыя сродкі здольныя ўратаваць да 500 тыс. дзяцей штогод.

І трэці крок, як піша Ekonomist, узьняць агульную адукаванасьць жанчынаў такім чынам, каб яны навучыліся гаварыць "не". У некаторых афрыканскіх культурах сказаць "не" для кабэты амаль немагчыма. Гэта ня значыць, што кабеты павінны зусім адмовіцца ад сэксу, але яны не павінны займацца рызыкоўным сэксам, асабліва з тымі, хто можа быць хворым на СНІД.

Прэзэрватывы, пароды пад кантролем медыкаў і адукацыя кабэтаў – усё гэта, падсумоўвае свой артыкул Ekonomist, ня ў стане зьнішчыць СНІД. Каб яго перамагчы, патрэбная эфэктыўная вакцына, знайсьці якую ня ўдасца яшчэ доўгія, доўгія гады. Гэтыя сродкі, аднак, могуць затрымаць сьмерць шматлікіх здольных маладых людзей, якіх так патрабуюць афрыканскія краіны.

Афрыканцы і людзі ўсіх бедных краінаў, дзе хвароба распаўсюджваецца вельмі хутка, павінны крычаць пра ўсе гэтыя справы. Гэты крык павінен зьнішчыць заслону маўчаньня.

XS
SM
MD
LG