Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Сяргей Шупа, Вільня

Сёньня літоўская газэта «Lietuvos Zinios» зьмясьціла артыкул пад загалоўкам «Шарэцкі паўстаньня не рыхтуе». У ім паведамляецца пра прэсавую канфэрэнцыю Сямёна Шарэцкага, які гэтымі днямі вярнуўся з Бухарэсту ў Вільню.

Старшыня разагнанага Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі цьвердзіць, што ў Літве ён можа спакойна хадзіь і дыхаць. Так пачынае сваю справаздачу пра прэсавую канфэрэнцыю журналістка газэты «Lietuvos Zinios» Вікторыя Якубаўскайте. Журналістаў, якія сабраліся ў памешканьні Таварыства Беларускай Культуры, спадар Шарэцкі прывітаў па-літоўску.

На сустрэчу Сямён Георгіевіч прыехаў на сінім аўтамабілі маркі «вольва». Яго ахоўвалі два дужыя хлапцы ў цывільным. Сам Шарэцкі быў адзеты ў шэры ў пасачкі гарнітур, белую кашулю і заўсёдны гальштук.

Старшыня разагнанага парлямэнту распавёў сабраным журналістам пра сваё падарожжа ў Бэрлін і Бухарэст. У апошнім горадзе адбывалася штогадовая сэсія АБСЭ, на якой была прынятая рэзалюцыя аб становішчы ў Беларусі і аб зьнікненьні ў гэтай краіне людзей.

Паводле Шарэцкага, зьнікненьне журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага ды іншых беларускіх грамадзкіх дзеячоў паказвае, што ў гэтай краіне неспакойна. Спосабы кіраваньня Лукашэнкі Шарэцкі не саромеўся называць гітлераўскімі і сталінскімі, і сьцьвердзіў, што на ягонай Бацькаўшчыне адбываецца «канстытуцыйны крызыс» (апошнія словы газэта ўзяла ў двукосьсе). Пра дэмакратычныя выбары ў Беларусі ня можа быць і гаворкі.

Шарэцкі зазначыў, што ў Беларусі ўсё кантралюе Лукашэнка і «лукашысты». А таму сродкі масавай інфармацыі выкарыстоўваюцца для правакацыяў і аднабаковай прапаганды. Ён прыгадаў нядаўняе інтэрвію, якое ён даў газэце «Эхо Литвы», дзе сказаў, што не выключае магчымасьці выбуху ў Беларусі паўстаньня, аднак ён катэгарычна запярэчыў, нібыта ён сам мае намер сабраць або заклікаць беларусаў на паўстаньне. «Людзі ў Беларусі хочуць толькі аднаго — мець сваю незалежную дзяржаву, — сказаў Шарэцкі і дадаў Купалаву цытату, — і «людзьмі звацца».

Сямён Шарэцкі жыве ў Літве ўжо амаль год. На пытаньне, ці доўга яму яшчэ давядзецца тут прабыць, ён адказаў, што ў Літве ён ня толькі жыве, але й робіць усё дзеля дабрабыту Беларусі.

А запытаны, ці ня лепей тады паехаць у Беларусь і там змагацца, Шарэцкі адказаў, што «народу патрэбныя не ахвяры, а перамога». Паводле яго, калі прапаў Завадзкі, дык і яму ў Беларусь ехаць ніяк не магчыма.

Спадар Шарэцкі не хаваў, што ён утрымваецца за кошт ахвяраваньняў беларускіх патрыётаў. Расчуліўшыся, ён прызнаўся, што жыцьцё ў іншай краіне — гэта не жыцьцё, а існаваньне. «Думаеце, лёгка прасіць?» — спытаўся Сямён Шарэцкі і дадаў, што часам даводзіцца забыцца пра сваю гордасьць. «Калі б не змаганьне, на жыцьці можна было б ставіць крыж. Ідзе барацьба і ёсьць надзея на перамогу, і гэта надае маральнае сілы», — сказаў ён.

Ён адмовіўся гаварыць пра тое, як жыве, аднак прызнаўся карэспандэнтцы газэты «Lietuvos Zinios», што зь сям'ёй бачыцца рэдка: жонка і адзін сын цяпер жывуць у Беларусі, а другі сын — у ЗША.

У сваёй кватэры ў Вільні Шарэцкі мае кабэльную тэлевізію, і таму ведае ўсе навіны. Праўда, ён зазначыў, што ў рэтрансьляванай у Літве праграме Беларускай Тэлевізіі няма чаго глядзець, бо інфармацыйныя перадачы перапоўненыя прапагандысцкай хлусьнёй. Мае Шарэцкі і мабільны тэлефон, таму ўсе, каму ён патрэбны, могуць заўсёды зь ім зьвязацца.

Сямён Шарэцкі рады, што на віленскіх вуліцах выпадковыя людзі пазнаюць яго, вітаюцца, размаўляюць. З падзякай ён паглядзеў і на хлопцаў з аховы: «Дзякуючы ім я адчуваю сябе бясьпечна і магу спакойна дыхаць, бо адсюль да Беларусі, дзе сёньня неспакойна, усяго 30 кілямэтраў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG