Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Другі раз за апошні год у менскай агэнцыі "Харвэст" друкуецца дадатковы тыраж скандальнага бэстсэлеру "Свая разьведка". Гэта першы з прэцэдэнтаў на пасьлясавецкай прасторы, калі звышсакрэтная інфармацыя КГБ аказваецца цалкам раскрытаю.

Зьмест кнігі сапраўды даволі спэцыфічны: пошук і вярбоўка інфарматараў, мэтоды пранікненьня ў псыхіку, замбаваньне й ламаньне волі чалавека, подкуп, шантаж, катаваньне, схэмы адмысловай апаратуры і тыпы выбуховых прыстасаваньняў, тэхнічныя сродкі ўтоенага назіраньня й здыму інфармацыі.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, які больш за 10 гадоў вывучае мэтодыку карных ворганаў у барацьбе з палітычнымі праціўнікамі, зьяўленьне кнігі ў шырокім продажы прайшло амаль незаўважна: чытач, так бы мовіць, насыціўся кніжным кічам яшчэ ў сярэдзіне 90-х.

Затое тыражаваньне звышсакрэтных зьвесткаў вельмі балюча было ўспрынятае ў сьценах беларускага КГБ. Дакладна вядома, што на пасьлясавецкай прасторы толькі беларускі КГБ застаецца верны прынцыпам, узятым на ўзбраеньне яшчэ ў час панаваньня НКВД.

Гаворыць Ігар Кузняцоў:

"Выкладзеная мэтодыка – псыхалягічнае ўзьдзеяньне, катаваньне – яна мае больш гуманны варыянт, чым тая, якая выкарыстоўвалася НКВД. Канешне, шмат што бралася з досьведу іншых спэцслужбаў, тое, што было яшчэ да 17-га году: паведамляльнікі, выкарастаньне сакрэтных супрацоўнікаў, тыя ж філеры. Але іншае пытаньне – дакладна й канкрэтна выкладзеныя тыя мэтодыкі, якія выкарыстоўваюцца карнымі структурамі сёньня.

У гэтым якраз небясьпека такога выданьня. Калі кніга трапіць у рукі людзей, якім патрэбна на кагосьці ўзьдзейнічаць, і яны пачнуць экпэрымэнтаваць, будзе вельмі непажаданы эфэкт для іншага боку. Такога кшталту літаратура не павінна насіць папулярны характар".

Так мяркуе гісторык Ігар Кузьняцоў.

Першай рэакцыяй кіраўніцтва КГБ на выхад кнігі была спроба пакараць вінаватых у выданьні дзяржаўных сакрэтаў – выдавецтва "Харвэст" і аўтара, які хаваўся пад псэўданімам Ронін – па-японскі гэта самурай, што застаўся без гаспадара. Але ўсе спробы натыкаліся на пісьменны адпор: кіраўніцтва "Харвэсту" адказвала, што зьяўляецца толькі выдавецкім агэнтам, і імя аўтара ім нічога не гаворыць.

Да таго ж у якасьці контраргумэнту было прыведзена тое, што аніводнага разу ў кнізе не было спасылкі на беларускі КГБ.

Хто можа быць сапраўдным аўтарам "Сваёй разьведкі", калі ўлічыць, што простаму сьмяротнаму ведаць асобныя нюансы падрыўное дзейнасьці проста нерэальна? І чаму для аўтара небясьпечна выступіць пад сваім сапраўдным прозьвішчам?

Вось як гэта тлумачыць Ігар Кузняцоў:

"Ёсьць паняцьце карпаратыўнасьці, ёсьць падпіска ў невыказваньні таямніцы. Калі такі чалавек акрэсьліць сваё сапраўднае прозьвішча, спэцслужбы знойдуць магчымасьць падняць кампрамат і адпаведным чынам, так бы мовіць, "аддзячыць". Таму, з пункту гледжаньня кансьпірацыі, гэта абсалютна апраўдана: чалавек думае пра бясьпеку сям'і і ўласную. Але тое, што аўтар кнігі прафэсіянал – нават у прафэсіяналаў у гэтым пытаньняў не ўзьнікае. Я ня чуў, каб быў абвергнуты аніводзін пункт. Маўчаньне азначае, што каштоўнасьць інфармацыі безумоўная".

Гаварыў гісторык Ігар Кузьняцоў.

Між іншым, цягам часу ідэя пакараньня няўгодных была ціха замененая на супрацьлеглую. Дакладна вядома, што ў створаным у сярэдзіне 90-х замест школы КГБ СССР Інстытуце нацыянальнае бясьпекі выкладаньне вядзецца са скарыстаньнем мэтодыкаў, адлюстраваных у "Сваёй разьведцы". Справа ў тым, што дагэтуль мэтадысты КГБ ня мелі сыстаматызаванага кіраўніцтва ва ўкараненьні ў масы. Таму нечаканае зьяўленьне фактычнага дапаможніка наколькі адразу спалохала, нагэтулькі ж потым узрадавала. Цяпер маладыя кадры дасканала ведаюць, што (цытую вытрымку з кнігі): "…цыганы, нэгры, кітайцы й прафэсійныя злачынцы паніжана ўспрымаюць катаваньне, тады як многія народы Поўначы й блакітнавокія сьветлавалосыя эўрапейцы – вельмі дрэнна".

Дарэчы, адзіная інфармацыя ў кнізе, якая незавуаляваная і непасрэдна тычыцца Беларусі, гэта ўзгадваньне пра маладэчанскі завод "Спутнік". Як сьцьвярджае аўтар, заводзкая прадукцыя – радыётэлефоны "Алтай" – зьяўляецца сапраўднай знаходкаю для шпіёна. Такімі магчымасьцямі для праслухоўваньня не валодае аніводзін тэлефон у сьвеце.

XS
SM
MD
LG