Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы вязень аршанскае калёніі Васіль Старавойтаў лічыць, што ўвядзеньне новага Крымінальнага кодэксу ня вырашыць праблему дрэнных умоваў утрыманьня ў беларускіх турмах. На думку Старавойтава, беларусы будуць менш красьці тады, калі пачнуць больш зарабляць.

Былы старшыня АТ "Расьвет" Васіль Старавойтаў, які два гады правёў у беларускіх турмах, з сумневам ставіцца да меркаваньня, быццам новы крымінальны кодэкс дазволіць вырашыць праблему перанаселенасьці беларускіх турмаў і ўмовы ўтрыманьня ў іх значна палепшацца. Васіль Старавойтаў заяўляе…

(Старавойтаў: ) "У Воршы да Лукашэнкі было 1700 чалвек, а зараз амаль 5000. Я асабіста чуў заяву – 100 000 тысяч, гэта Сівакоў гаварыў. Гэта ж жудасьць, куды іх перці, карміць няма чым, адной груцай. Што ж беларусы такія кепскія?"

Нагадаю, днямі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ пра ўвядзеньне новых Крымінальнага й Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў. Яны пачнуць дзейнічаць зь 1 студзеня наступнага году. Паводле беларускіх уладаў, адным з наступстваў рэформы стане перакваліфікацыя пэўнае колькасьці злачынстваў зь цяжкіх у звычайныя, што прывядзе да зьмяншэньня тэрмінаў пакараньня за гэтыя злачынствы і, адпаведна, да зьмяншэньня колькасьці вязьняў. Цяпер іх, паводле розных дадзеных, каля ста тысячаў.

Улады кажуць, што ўвядзеньне новага кодэксу павінна скараціць колькасьць вязьняў на 10-15 адсоткаў, але многія ўпэўненыя, што гэта ўсё роўна ня вырашыць праблему. Такога меркаваньня, у прыватнасьці, прытрымліваецца і ВасільСтаравойтаў, чалавек, у турэмных справах ужо дастаткова дасьведчаны. Ён кажа:

(Старавойтава: ) "Любы кодэкс, калі ён прымаецца, ня можа нічога зрабіць, калі ён будзе напіхваць турмы. Трэба больш за палову выпусьціць неадкладна. Нічога ня робяць, здаровыя людзі. Там шмат такіх, хто даўно ўсьвядоміў сваю памылку, такіх, хто невінаваты. Я прайшоў праз гэта".

Васіль Старавойтаў даседжваў свой двухгадовы тэрмін у Аршанскай калёніі, дзе, дарэчы, цяпер знаходзіцца былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў. Пра ўмовы ўтрыманьня ў гэтай вязьніцы Старавойтаў згадвае:

(Старавойтава: ) "Горш прыдумаць немагчыма. Мы тут сядзелі з адным інжынэрам і лічылі. Там 1,2 мэтра на чалавека. Там дыхаць няма чым. Куды ён будзе са дзіць, ён ужо разумее, што напіхваць няма куды. Новых турмаў не набудуеш. Гэта сорам Беларусі. Параўнай з Японіяй, са Швэйыяй, што ты параўноўваеш зь нейкай незразумелай краінай?"

Паводле статыстыкі, па колькасці вязьняў на тысячу жыхароў Беларусь займае трэцяе месца ў Эўропе (на першым – Расея). Менавіта на гэтую краіну беларуская афіцыйная прапаганда арыентуецца, калі сьцьвярджае, што ў нас становішча яшчэ ня самае горшае. Аднак Васіль Старавойтаў перакананы, што нам хваліцца няма чым: злачыннасьць ў Беларусі павялічваецца, і калі становішча ў эканоміцы не палепшыцца, мы хутка дагонім тую ж Расею. Адказнасьць за гэта, на думку Старавойтава, перш за ўсё на ўладзе.

(Старавойтава: ) "Гэта нейкая прымітыўная лёгіка. Злачыннасьць будзе расьці. Трэба ў калгасе даваць ня 10 даляраў зарплаты, тады красьці ня будуць. Трэба на заводзе даваць ня 30, а 130 даляраў зарплаты. Што ж ім рабіць – падыхаць ці красьці? Турмы перапоўненыя людзьмі, што сядзяць за крадзёж. Лезуць, галодныя… Як жыць, калі ў самым лепшым калгасе 30 даляраў атрымліваюць? Гэта толькі за апошнія тры гады нарабіў, калі стаў мяне граміць і падобных, хто хацеў зрабіць, каб больш хлеба было. Я ведаю, колькі людзей сядзіць у турме".

Мяркуе Васіль Старавойтаў. Сёньня ён на волі, але фактычна не выходзіць з дому, баючыся расправы з боку нядобразычліўцаў, якія цяпер пры ўладзе.

XS
SM
MD
LG