Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Міністар абароны Беларусі Аляксандар Чумакоў у лісьце на імя старшыні Таварыства Беларускае Мовы Алега Трусава заявіў, што Міністэрства абароны гатовае ўсталяваць у войску беларускую мову.

"Думаю, што мы зможам пакінуць палеміку й пачаць працаваць на ніве ўсталяваньня беларускае мовы ў войску", – заяўляе міністар абароны генэрал-палкоўнік Аляксандар Чумакоў у лісьце на імя старшыні ТБМ Алега Трусава.

Даволі нечаканая гатовасьць міністра да беларусізацыі, бо яшчэ месяц таму ён меў зусім іншае меркаваньне адносна распачатых ТБМ спробаў навярнуць вайскоўцаў да мовы народу, інтарэсы якога яны закліканыя абараняць. Тады ў сваім першым лісьце ў ТБМ спадар Чумакоў заяўляў, што аўтарытэт беларускага войску не залежыць ад таго, на якой мове ў ім вядзецца баявая падрыхтоўка. І на беларусізацыю, маўляў, ня трэба траціць грошы. Якіх у дзяржавы да таго ж ўсё роўна няма. І вось такі паварот погляду…

Праўда, са шматлікіх канкрэтных прапановаў ТБМ'аўцаў міністар абароны гатовы да рэалізацыі толькі дзьвюх: перакладу на беларускую мову вайсковых статутаў ды наданьня дзьвюхмоўнага статусу вайсковай газэце "Во славу Родины". Што й выклікае пэўны недавер да сур'ёзнасьці намераў міністра. Старшыня ТБМ Алег Трусаў, аднак, лічыць так:

(Трусаў: ) "Я лічу, што любы кантакт у гэтай галіне, гэта канкрэтнае. І калі яны нам перададуць гэтыя дыскеты, калі ўсё так і будзе, мы знойдзем людзей, якія зробяць пераклад хаця б 1-2 статутаў. І потым, калі яны будуць надрукаваныя, гэта будзе самае канкрэтнае. Мне здаецца, што зьмест гэтага ліста дазваляе мне працэнтаў на 80-90 верыць прынамсі гэтаму кіраўніку міністэрства абароны".

Лічыць кіраўнік ТБМ.

З досьведу даволі працяглага ліставаньня зь міністрам абароны ў спадара Трусава зьявіліся й некаторыя іншыя аргумэнты дзеля ўсталяваньня зь ім даверлівых стасункаў…

(Трусаў: ) "Генэрал-палкоўнік Чумакоў на нашыя лісты рэгулярна адказвае адразу, і нават канвэрт у яго, у адрозьненьне ад міністэрства адукацыі, аздоблены на беларускай мове. Адзін штапм на дзвюх мовах, а адрас – пячатка па-беларуску. Гэта дробязі, але прыемна атрымаць зь міністэрства абароны канвэрт лепшы, чым зь міністэрства адукацыі".

Што ж тычна наданьня вайсковай газэце "Во славу Родины" дзьвюхмоўнага статусу, дык тут ужо нешта зроблена.

Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Мы на самой справе дапамаглі газэце "Во славу Родины", Мы далі ім добрую кампутарную праграму, якая каштуе немалыя грошы. Будзем спадзявацца, што цяпер яны будуць часьцей друкаваць матэрыялы нашыя. І мы ім казалі, што калі вы прыхільнікі дзьвюхмоўя, дык давайце кожны нумар 50 на 50, а калі паглядзець па перапісе, дык трэба 80 на 20. Тады будзе зусім уцудоўна. Мы за тое, каб беларуская мова пашыралася ў гэты не зусім спрыяльны для яе час, бо калі яна загучыць у войску нават у гэтыя часы, тым прасьцей нам будзе, калі сытуацыя памяняецца, а я ў гэтым не сумняюся".

Заявіў Алег Трусаў.

А вось ад саміх вайскоўцаў пра сур'ёзнасьць выкладзеных у лісьце намераў нам не ўдалося што-небудзь пачуць. Тэлефон палкоўніка Няўзорава, прызначанага міністрам Чумаковым адказваць за беларусізацыю войска, упарта маўчаў.

XS
SM
MD
LG