Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Учора эфір праграмы «Здесь и сейчас» расейскага тэлеканалу ОРТ быў цалкам прысьвечаны гутарцы яе вядучага Аляксандра Любімава з былым прэм'ер-міністрам Беларусі Міхалам Чыгіром. Супрацоўнікі ОРТ былі вымушаныя зарганізаваць тэлемост уласнымі сіламі, бо кіраўніцтва Беларускае тэлерадыёкампаніі наадрэз адмовілася прадастаўляць тэхнічныя магутнасьці дзеля выступу вядомага апазыцыянэра.

Вядомы расейскі тэлежурналіст Аляксандар Любімаў безвынікова на працягу некалькіх дзён спрабаваў дамовіцца з кіраўніцтвам БТ пра прадастаўленьне магчымасьці запісу гутаркі зь Міхалам Чыгіром. Прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі спачатку казалі, што ў іх няма тэхнічнае магчымасьці запісаць тэлемост Любімаў–Чыгір, бо занятыя ўсе студыі. Пасьля быццам бы далі згоду на запіс гэтае гутаркі. Экс-прэм'еру нават ужо патэлефанілі з Масквы й сказалі рыхтавацца да эфіру.

Аднак, калі Міхал Чыгір прыехаў на БТ, дык міліцэйская ахова не прапусьціла яго далей ганку, спаслаўшыся на тое, што не атрымлівала аніякіх указаньняў ад начальства адносна пропуску яго ў будынак. Пасьля гэтага інцыдэнту Чыгір канчаткова зразумеў, што паразмаўляць зь Любімавым на БТ яму не дадуць.

Гаворыць Міхал Чыгір:

(Чыгір: ) "Нарэшце было прынятае такое рашэньне, што запіс быў зроблены на адной з кватэраў і праграму туды перагналі, каб адбыўся паказ. Я ня ведаю, каму гэта было патрэбна і для чаго гэта было зроблена, што мне не далі магчымасьці папрацаваць на тэлестудыі. Усё роўна, калі ОРТ прыняло такое рашэньне, дык гэта трэба было зрабіць адразу, і не было б гэтых праблемаў. Але ж кіраўніцтва тэлебачаньня ня бяз ведама кіраўніка дзяржавы мяне туды не дапусьціла",

– паведаміў спадар Чыгір.

Гутарка паміж Любімавым і Чыгіром ў асноўным ішла на тэму ягонага арышту й наступнага асуджэньня. Экс-прэм'ер казаў, што ягоная крымінальная справа была цалкам сфабрыкаваная ўладамі пасьля таго, як ён вярнуўся ў Беларусь і заняўся публічнай палітыкаю. Паводле словаў спадара Чыгіра, каб ён ня мог удзельнічаць у выбарах, суд і прыгаварыў яго да трох гадох пазбаўленьня волі ўмоўна. (Праўда, старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына сьцьвярджае, што пакуль вырак Чыгіра не ўступіў у законную сілу, бо пададзеная апэляцыя, і ён можа быць зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў дэпутаты г.зв. "палаты прадстаўнікоў".)

Акрамя акалічнасьцяў крымінальнае справы, Любімава цікавіла думка Чыгіра наконт таго, хто мог выкрасьці апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага. Чыгір лічыць, што хутчэй за ўсё за гэтым стаіць адная са спэцслужбаў Аляксандра Лукашэнкі. Праўда ён ня ведае, якая канкрэтна, бо іх у Беларусі вельмі шмат.

Чыгір гаворыць, што на абмеркаваньне іншых беларускіх тэмаў не хапіла часу, бо фармат праграмы ўсяго некалькі хвілінаў. Тым ня менш экс-прэм'ер задаволены тым, што такая гутарка адбылася. Міхал Чыгір працягвае:

(Чыгір: ) "Усё выказаць за такі кароткі час немагчыма, але ж я лічу, што перадача для мяне ўдалася, я змог данесьці інфармацыю, якую я ня змог данесьці да нашых жыхароў, выкарыстоўваючы магчымасьці беларускага тэлебачаньня. Таму я вельмі ўдзячны ОРТ за тое, што яны мне далі магчымасьць паразмаўляць з Любімавым і давесьці інфармацыю па маёй крымінальнай справе".

Гэта быў былы прэм'ер-міністар Беларусі Міхал Чыгір.

Спадар Чыгір таксама паведаміў, што гэта не апошні ягоны выступ у эфіры ОРТ. Аляксандар Любімаў паабяцаў ладзіць такія тэлемасты з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі даволі рэгулярна. І Міхал Чыгір кажа, што з задавальненьнем возьме ў іх удзел, нягледзячы на тое, падабаецца гэта беларускім уладам, ці не.

XS
SM
MD
LG