Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Беларускія мэталюргі ня хочуць зыходзіць з амэрыканскага рынку і ўзаемадачыненьні са Злучанымі Штатамі лічаць надзвычай важнымі для свайго эканамічнага стану. Пра гэта прадстаўнікі мэталюргічнае галіны заявілі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

Сярод тавараў беларускага экспарту ў ЗША мэталь зьяўляецца адным з найбольш даходных. Летась, напрыклад, ягоныя пастаўкі ў Злучаныя Штаты прынесьлі беларускаму боку, паводле зьвестак Міністэрства замежных справаў, 7 мільёнаў даляраў. Як паведамілі сёньня на сустрэчы з журналістамі кіраўнікі Беларускага мэталюргічнага заводу, сёлета ягоныя гандлёвыя справы на заходнім кірунку складваюцца яшчэ лепш.

Намесьнік генэральнага дырэктара Міхал Гуляеў заявіў нашаму радыё, што мэталюргічны гігант са Жлобіну нарошчвае экспарт.

"Для любога прадпрыемства пашырэньне геаграфіі прэстыжна. Што тычыцца амэрыканскага рынку, дык ягоная прыцягальнасьць для вытворцаў – ісьціна, якая не патрабуе дадатковага тлумачэньня", – сказаў Міхал Гуляеў.

Адбыўшаеся скасаваньне Злучанымі Штатамі гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі на Беларускім мэталюргічным заводзе яшчэ не пасьпелі асэнсаваць. Ягонае кіраўніцтва пакуль ня ведае, якімі будуць мыты на ўвоз беларускага мэталю. Іх істотнае падвышэньне, зразумела, не выключае сур'ёзных эканамічных стратаў як для гэтага прадпрыемства, гэтак і для ўсяе галіны.

Прынамсі, для жлобінскіх мэталюргаў гэта не адзіная бяда, якая можа напаткаць іх у бліжэйшы час. Сёньня прадстаўнікі заводу пацьвердзілі журналістам інфармацыю, што амэрыканцы маюць намер дасьледаваць пастаўкі беларускага мэталю ў ЗША і на прадмет цэнавае палітыкі. Рэч у тым, што канкурэнты беларускага заводу на амэрыканскім рынку паскардзіліся, што жлобінскае прадпрыемства нібыта пастаўляе за акіян сваю прадукцыю па дэмпінгавых коштах.

Як вядома, вось ужо шмат месяцаў працягваецца дэмпінгавы скандал вакол паставак у ЗША расейскага мэталю. Злучаныя Штаты адрэагавалі на дэмпінгавыя пастаўкі мэталю з Расеі антыдэмпінгавымі санкцыямі. Здаецца, такі ж скандал чакае і беларускіх вытворцаў. Ва ўсялякім разе, мяркуецца прыезд у Беларусь адмысловых спраўджальных камісіяў са Злучаных Штатаў.

Гаворыць Міхал Гуляеў:

"Мэта гэтых камісіяў – сапраўды пераканацца, што нашыя цэны, якія ніжэйшыя за цэны амэрыканскіх мэталявытворцаў, складзеныя не абы як, а абгрунтавана. Усё робіцца з улікам рэнтабэльнасьці. І такія цэны – сапраўды рэальныя. Вось калі амэрыканскі бок ды іншыя камісійныя ворганы ў гэтым пераканаюцца, дык мы цьвёрда застанемся на амэрыканскім рынку",

– мяркуе намесьнік генэральнага дырэктара Беларускага мэталюргічнага заводу Міхал Гуляеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG