Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Кіраўнік аддзелу адмысловых інфармацыйных праектаў дырэкцыіі грамадзка-палітычнага вяшчаньня ОРТ Павал Шарамет прыехаў у Менск, каб распрацаваць пошукі Зьміцера Завадзкага. У беларускім бюро ОРТ зь ім сустрэлася нашая карэспандэнтка…

(Карэспандэнтка: ) "Павал, як бы Вы пракамэнтавалі выказваньні выканальніка абавязкаў міністра ўнутраных справаў Удавікова пра "рыскую вэрсію"?"

(Шарамет: ) "Латыскі сьлед – гэта глупства. Гэта была паездка Завадзкага, аб якой мы ўсе ведалі. Ён паехаў з камэрай беларускага тэлебачаньня, з журналістамі беларускага тэлебачаньня, ён быў там толькі адны суткі. Я лічу, што спадар Удавікоў і некаторыя прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў адмыслова ўкідваюць вэрсіі, каб зьбіць грамадзтва з панталыку, і каб людзі трацілі сілы на розныя дурацкія вэрсіі, і каб грамадзтва не канцэнтравала сваю ўвагу на вэрсіі, якой мы прытрымліваемся. Гэта вэрсія спэцслужбаў. Зараз я прыбыў у Менск спэцыяльна, каб заняцца пошукамі Завадзкага. Я прыехаў зь некаторымі спэцыялістамі, мы ацанілі сытуацыю на месцы, мы падлічылі, колькі нам спатрэбіцца часу, людзей, рэсурсаў, каб пачаць ужо маштабную апэрацыю па пошуках Завадзкага ў Беларусі. Праз некалькі дзён я вяртаюся ў Маскву і з кіраўніцтвам нашай кампаніі, і з кіраўніцтвам некаторых падразьдзяленьняў Расейскай Фэдэрацыі мы будзем дыскутаваць падрабязны плян пошукаў Дзьмітрыя Завадзкага ў Беларусі".

(Карэспандэнтка: ) "Ці мае ОРТ намер зьвярнуцца ў ФСБ, ці можа яно ўжо туды зьвярнулася?"

(Шарамет: ) "ОРТ зьвярнулася ня толькі ў ФСБ, але і у МУС, да расейскага ўраду, да адміністрацыі прэзыдэнта. Вынікі ёсьць. Я асабіста размаўляў з Рушайлам аб гэтай сытуацыі. Ён узяў на кантроль. ФСБ таксама зьвярнулася да КГБ Беларусі. Кіраўніцтва Расеі на самым высокім узроўні будзе зьвяртаццца да Лукашэнкі, да ўладаў Беларусі, каб узмацніць пошукі Дзьмітрыя Завадзкага ў Беларусі. У мяне не было ў Беларусі ніякіх палітычных плянаў наконт парлямэнту і іх няма да сёньня. Але зараз у мяне будзе галоўны праект у Беларусі, гэта пошукі Дзьмітрыя Завадзкага".

(Карэспандэнтка: ) "Як вы лічыце, справы Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, а цяпер і Зьміцера Завадзкага, ці не зьяўляюцца яны зьвёнамі аднаго ланцугу?"

(Шарамет: ) "Я ня ведаю, якія справы былі ў Ганчара і ў Захаранкі, але я лічу, што яны зьніклі ўсё ж праз беларускія спэцслужбы, не па сваёй волі, і таксама я лічу, што Дзьмітры Завадзкі зьнік па волі Лукашэнкі. Я ведаю на сто процантаў, што ў Завадзкага не было ніякіх праектаў, зьвязаных зь бізнэсам, з камэрцыяй, ён не здымаў ніякіх фільмаў, апрача як для ОРТ".

(Карэспандэнтка: ) "Ці не здаецца Вам, што тут мае месца нейкая асабістая помста?"

(Шарамет: ) "Ёсьць галоўная вэрсія, што гэта зроблена, каб запалохаць журналістаў напярэдадні выбараў, запалохаць мяне асабіста, каб я нічога не рабіў у Беларусі і нічога не рабіў у Расеі, і жаданьне адпомсьціць у гэтай вэрсіі ўлічваецца. Іншых вэрсіяў я ня бачу. Чачэнскі сьлед? Дай Бог, каб гэта былі чачэнцы. Тады з Дзьмітрыем Завадзкім будзе ўсё у парадку".

(Карэспандэнтка: ) "Ці маюць намер супрацоўнікі беларускага бюро ОРТ ладзіць нейкія сумесныя акцыі разам з Беларускай Асацыяцыяй журналістаў, сябрам якой зьўляецца і Зьміцер Завадзкі?"

(Шарамет: ) "Абявязкова. І я хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што ў Маскве будзем дыскутаваць гэтую сытуацыю, у нас ёсьць некалькі варыянтаў, як дзейнічаць, і я лічу, што мы будзем дзейнічаць па максымальна шырокім спэктры. Будзем уцягваць у пошукі Завадзкага розныя палітычныя сілы, сілы спэцслужбаў, журналістаў. Гэта будзе моцная кампанія ня толькі па пошуках Завадзкага, але і па абароне журналістаў і свабоды слова ў Беларусі".

XS
SM
MD
LG