Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Праблема нявыплаты заробкавай платы ў Беларусі вымушае ўлады зьвяртацца да банкаўскае сыстэмы. Аднак, як паведаміла сёньня намесьніца старшыні Нацыянальнага банку Натальля Аляксеева на сваёй прэсавай канфэрэнцыі, цяпер назіраецца фінансавая дэградацыя банкаўскага сэктару, і ягоныя магчымасьці вельмі абмежаваныя.

Галоўная праблема беларускіх банкаў, паводле словаў Аляксеевай, у недахопе грашовых рэсурсаў. У параўнаньні з замежнымі ўстановамі, гэтыя рэсурсы мізэрныя.

Пры гэтым пошук айчыннымі банкамі свабодных грошай на фінансавым рынку суправаджаецца вялікімі цяжкасьцямі, якія ёсьць вынікам неспрыяльнага замежнаэканамічнага клімату. Беларускім банкам ня хочуць даваць грошы ў доўг замежныя структуры. Гэтага не раяць рабіць ані Міжнародны валютны фонд, ані Ўсясьветны банк.

Па-другое, айчынныя банкі не самастойныя ў выбары кліентаў і на беларускім фінансавым рынку. Як зазначыла спадарыня Аляксеева, Нацыянальны банк загадвае ім найперш крэдытаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Асабліва буйныя – такія, напрыклад, як МТЗ ці МАЗ.

Зараз галаўным болем для заводаў-гігантаў, а таксама для шматлікай колькасьці іншых прадпрыемстваў сталася праблема выплаты заробкаў. Паводле апошніх зьвестак, лічба запазычанасьці працоўным калектывам пераўзышла 20 мільярдаў рублёў. Каб прадухіліць стыхійныя страйкі, дырэктарскі корпус пры падтрымцы ўладаў спрабуе атрымаць у камэрцыйных банках пазачарговыя крэдыты.

Між тым, такія намаганьні, як лічаць экспэрты, могуць выклікаць фінансавы абвал у банкаўскіх установах. Рэч у тым, што беларускія банкі, як паведаміла сёньня Натальля Аляксеева, і дагэтуль мелі шмат праблемных крэдытаў. Палітыка ўладаў, скіраваная па спагнаньне нявернутых крэдытаў, паводле ейных словаў, не прынесла вялікага плёну.

Нягледзячы на дырэктыву Аляксандра Лукашэнкі, праваахоўныя ворганы аказаліся бязьсільнымі вярнуць крэдыты. Пры гэтым адметна тое, што назіраецца тэндэнцыя павелічэньня долі праблемных крэдытаў з боку дзяржаўных прадпрыемстваў. Надоечы, зазначыла Аляксеева, з гэтае нагоды зьбіраўся ўрад. Аднак дысцыплінарныя спагнаньні прыкметных вынікаў не далі.

XS
SM
MD
LG