Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

У справе Зьміцера Завадзкага зьявіўся "рыскі" сьлед. Пра гэта ўчора паведаміў выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Міхал Удовікаў. Але, паводле супрацоўнікаў турыстычнай агэнцыі "Latinserviss", якія суправаджалі Завадзкага пад час паездкі ў Латвію, аніякіх падставаў да падобных заяваў няма.

Выступаючы на дзяржаўнай тэлевізіі, генэрал-маёр Удовікаў адзначыў, што зьнікненьне Зьміцера Завадзкага можа быць наўпрост зьвязанае зь нядаўняй выправаю ў Рыгу. Маўляў, ніхто ня ведае, якія кантакты меў апэратар пад час знаходжаньня ў сталіцы Латвіі. Але, шукаючы ці то чачэнскі, ці то зараз – латвійскі сьлед, улады па-ранейшаму ня здолелі ці не жадаюць, так бы мовіць, "браць сьлед" беларускі. Тым часам супрацоўнікі турыстычнай агэнцыі "Latinserviss", якія арганізавалі паездку здымачнае групы ў Рыгу, упэўненыя, што рыскі напрамак у дзеяньнях сьледчых – цалкам надуманы.

З 16 па 18 чэрвеня паводле замовы агэнцыі "Latinserviss" Завадзкі, сапраўды, здымаў матэрыял у Латвіі для праграмы БТ "Тураб'ектыў". Паездка адбылася з дазволу кіраўніцтва ОРТ, на службовай машыне тэлекампаніі і мела цалкам рэклямны характар.

Намесьнік дырэктара агэнцыі Марыя Рацынэ сьцьвярджае, што ўсе тры дні былі расьпісаныя літаральна па хвілінах. Увесь гэты час Зьміцер у літаральным сэнсе глядзеў на Рыгу і Юрмалу праз аб'ектыў відэакамэры. Нават на пытаньне, ці спадабалася яму Рыга, Зьміцер адказаў, што праз вакенца аб'ектыву ня вельмі што ацэніш.

Выбар аб'ектаў для здымкаў быў вызначаны загадзя складзеным плянам: гатэлі, дзе меркавалася разьмяшчаць патэнцыйных турыстаў, і самыя папулярныя месцы адпачынку – начныя клюбы, рэстарацыі, дыскатэкі. Было запісанае толькі адно інтэрвію – з уладальнікам прэстыжнага гатэлю "Меritim", дзе група напярэдадні спынілася. Што тычыцца казіно ў клюбе "Міраж", дзе ў Завадзкага быццам адбылася нейкая непажаданая сустрэча, дык Марыя Рацынэ на гэты конт кажа наступнае:

"Ніхто не адпачываў, у гэтым клюбе толькі здымалі. Спадар Завадзкі увесь час быў ля аб'ектыву. Ён толькі працаваў. Нам не дазволілі здымаць, калі за сталамі йшла гульня, так што размаўляць не было з кім. Здымалі ў пустой залі. Паколькі кіраўніцтва клюбу вельмі даражыць рэпутацыяй і працуе выключна на сваіх кліентаў, было сказана, што нейкая праграма "Тураб'ектыў" іх менш за ўсё хвалюе".

Гаварыла Марыя Рацынэ.

Такім чынам, аніякіх выпадковых знаёмстваў, на якія спасылаўся ў інтэрвію Беларускай тэлевізіі генэрал-маёр Удовікаў, не было. Як і кантактаў, якія маглі б нейкім чынам паўплываць на далейшы лёс апэратара. Дагэтуль Завадзкі ў Рызе ніколі ня быў і нядобразычліўцаў ня меў. Паводле супрацоўнікаў турфірмы, якія суправаджалі Зьміцера, ён наогул гаварыў мала – яму проста не было часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG