Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў сустрэліся сёньня з кіраўніком назіральнае групы АБСЭ Гансам-Георгам Вікам і амбасадарам Італіі ў Беларусі Джаваньні Чэруці, які рыхтуе візыт у Менск дэлегацыі прадстаўнікоў Рады Эўропы. Апазыцыянэры выказалі італьянскаму дыплямату шэраг прапановаў адносна праграмы знаходжаньня ў Беларусі прадстаўнікоў Рады Эўропы.

Дэлегацыя Рады Эўропы ў складзе старшыні яе палітычнага камітэту Тэры Дэвіса, кіраўніка нямецкага прадстаўніцтва Вольфганга Бэрэндта й чэскага парлямэнтара спадара Свобады мае намер наведаць Менск зь 31 ліпеня да 4 жніўня. У праграме візыту сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, апазыцыі, грамадзкіх арганізацыяў і журналістаў. Паводле вынікаў гэтае паездкі Рада Эўропы мусіць выпрацаваць сваё канчатковае стаўленьне да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Паколькі ў Радзе Эўропы цяпер старшынюе Італія, дык амбасадар гэтае краіны ў Беларусі і рыхтуе праграму візыту. Сёньня Джавані Чэруці ўзяў удзел у паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў. Гаворыць лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Прыход спадара Чэруці і яго ўдзел у працы нашага паседжаньня, быў абумоўлены яго жаданьнем выслухаць нашыя прапановы да гэтага прыезду чарговай эўрапейскай тройкі. Мы выказлі шэраг прапановаў, мы былі ўсьцешаныя, што на гэты раз дэлегацыя мяркуе спаткацца з шырокім спэктарам беларускай грамадзянскай супольнасьці".

Паведаміў спадар Вячорка.

Сярод прапановаў, вылучаных прадстаўнікамі БНФ, АГП, "Народнае Грамады" ды іншых партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду – сустрэча дэлегацыі Рады Эўропы зь сем'ямі зьніклых і зьняволеных палітыкаў, наведваньні штаб-кватэраў афіцыйных і незалежных прафсаюзаў і гэтак далей.

Сябры Рады таксама выказалі думку, што тэматыка "круглага стала" з удзелам уладаў і апазыцыі, які мае адбыцца ў часе візыту, мусіць быць папярэдне ўзгодненая з апазыцыянэрамі. Паводле словаў сябраў Кансультацыйнае Рады, Джавані Чэруці з разуменьнем успрыняў гэтыя прапановы.

Ішла размова і пра вынікі візыту беларускіх дэлегацыяў на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Бухарэст і пра паездку сябраў Кансультацыйнае рады ў Берлін. У прыватнасьці, Ганс-Георг Вік паведаміў, што Бундэстаг Нямеччыны мае намер на пачатку верасьня прыняць адмысловую рэзалюцыю пра становішча ў Беларусі. Пасльля абмену думкамі на гэтыя тэмы лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч зрабіў наступную выснову:

(Статкевіч: ) "Цывілізаваны сьвет займае прынцыповую пазыцыю ў адносінах да беларускай сытуацыі, і гэтая пазыцыя – яна ўсеагульная. Нельга казаць, што ў гэтай пазыцыі нейкія адрозьненьні…Для таго, каб выбары былі прызнаныя, улады павінны правесьці перамовы з апазыцыяй і ў выніку гэтых перамоваў задаволіць гэтыя патрабаваньні, чатыры патрабаваньні, якія агульнавядомыя. Калі гэтага ня будзе, а я думаю, што гэтага ня будзе, то выбары ня будуць прызнаныя, ня будуць накіраваныя міжнародныя назіральнікі".

Лічыць спадар Статкевіч.

Напрыканцы сёньняшняга паседжаньня сябры Кансультацыйнае рады вырашылі прыняць зварот да ўладаў з патрабаваньнем актывізаваць пошукі зьніклага апэратара менскага бюро ОРТ Зьміцера Завадзкага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG