Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Прызначыўшы дату парлямэнцкіх выбараў на 15 кастрычніка, Аляксандар Лукашэнка такім чынам прайгнараваў ня толькі патрабаваньні беларускай апазыцыі і Захаду, але й пажаданьні расейскае Думы.

Учора ўвечары ў Менск быў перададзены зварот да Аляксандра Лукашэнкі лідэраў усіх, акрамя камуністычнай, фракцыяў расейскае Дзяржаўнае думы. "Мы перакананыя, што заканадаўства, паводле якога пройдуць выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі, павінна адпавядаць міжнародным стандартам, а выбары – быць дэмакратычнымі і справядлівымі", – сказана ў звароце.

Далей расейскія палітыкі падкрэсьліваюць, што вітаюць наступныя дзеяньні ў мадэрнізацыі беларускага выбарчага заканадаўства: адкрытасьць і празрыстасьць, галоснасьць, роўны доступ усіх палітычных суб'ектаў да СМІ, і фармаваньне выбарчых камісіяў з удзелам усіх зарэгістраваных палітычных партыяў.

Подпісы пад зваротам паставілі такія розныя палітычныя лідэры, як Яўген Прымакоў, Барыс Нямцоў, Рыгор Яўлінскі, Барыс Грызлоў – лідэры ўсіх, акрамя камуністычнай, зарэгістраваных фракцыяў у расейскай Думе.

Ідэю прыняцьця падобнага звароту вылучыла АГП Беларусі. Яшчэ 7 чэрвеня кіраўнікі партыі Анатоль Лябедзька, Яўген Лабановіч і Павал Данэйка сустрэліся ў Маскве зь лідэрам фракцыі "Хаўрус правых сілаў" Барысам Нямцовым і прадстаўніком фракцыі "Яблоко" Сяргеям Іваненкам і падзяліліся зь імі ідэяй такое заявы. Распавядае старшыня выканаўчага камітэту АГП Яўген Лабановіч…

(Лабановіч: ) "Спадар Нямцоў запэўніў нас, што пад гэтым лістом будуць подпісы мінімум трох фракцыяў – СПС, Яблыка і "Отечества". Пад час круглага стала, які адбываўся 19 чэрвеня, спадар Нямцоў нам сказаў, што гэтыя тры подпісы ўжо ёсьць, але магчыма, што будуць подпісы ўсіх фракцыяў Дзяржаўнай Думы Расеі. Зборам гэтых подпісаў займаліся спадар Нямцоў і спадар Прымакоў".

(Карэспандэнт: ) "Ці адрозьніваецца тэкст таго ліста, які Вы прыблізна прапанавалі, ад таго, які быў у выніку падпісаны?"

(Лабановіч: ) "Толькі касмэтычныя праўкі, бо адразу размова ішла пра тое, што гэта павінен быць мяккі ліст, мяккі варыянт ціску на Лукашэнку. Але зьмест гэтага ліста ня ў зьмесьце, але ў колькасьці подпісаў кіраўнікоў фракцыяў, якія кажуць, што на сёньняшні момант у Беларусі існует недэмакратычнае выбарчае заканадаўства і яго трэба мяняць. Мы разумеем, што гэты ліст па зьмесьце вельмі мяккі, але ж подпісы, якія пад ім стаяць, для Лукашэнкі значаць вельмі шмат, бо Расея – амаль адзіны партнэр рэжыму, і калі кіраўнікі амаль усіх фракцыяў Дзяржаўнай Думы Расеі пішуць аб тым, што выбарчае заканадаўства ў Беларусі недэмакратычнае і што яго трэба рэфармаваць, гэта вельмі знакавая падзея для Лукашэнкі".

Гаварыў старшыня выканкаму АГП Яўген Лабановіч.

Зразумела, гэты камэнтар мы запісвалі яшчэ да паведамленьня пра тое, што Александар Лукашэнка прызначыў дату выбараў на 15 кастрычніка. Прызначыў, прайгнараваўшы ня толькі патрабаваньні эўрапейскіх структураў, але й пажаданьні лідэраў расейскае Думы. Аказалася, што й прозьвішчы Грызлова, Прымакова, не кажучы ўжо пра Яўлінскага й Нямцова, нічога ня значаць для беларускага кіраўніка.

Выбары ў Беларусі пройдуць паводле мажарытарнай сыстэмы, згодна з Выбарчым кодэксам, які не дапускае прысутнасьці прадстаўнікоў палітычных партыяў у выбарчых камісіях.

Тое, што такія выбары ня будуць прызнаныя эўрапейскімі структурамі, цяпер ужо становіцца амаль відавочным. Пытаньне толькі ў тым, ці праглынуць чарговы раз расейскія палітыкі свавольствы свайго вельмі непаслухмянага хаўрусьніка.

XS
SM
MD
LG