Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Указам Аляксандра Лукашэнкі абвешчаная дата выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Першы тур мае адбыцца 15 кастрычніка. Гэта значыць, што перадвыбарчая кампанія пачнецца ўжо ў гэтую суботу.

Паводле меркаваньня міжнародных арганізацыяў, беларускія ўлады не гатовыя да таго, каб праводзіць парлямэнцкія выбары. Патрабаваньні АБСЭ ў гэтай справе вядомыя. Таму існуе вялікая верагоднасьць, што восеньскія парлямэнцкія выбары прызнаныя ня будуць.

Нягледзячы на гэта, Цэнтарвыбаркам Беларусі ўжо доўгі час рыхтаваўся да выбараў. Адной з галоўных задачаў была новая нарэзка акругаў.

Нагадаю, што дагэтуль выбары праводзіліся толькі ў Вярхоўны Савет, у якім дэпутатаў было амаль утрая больш. Калі раней акругі складаліся ў сярэднім з 30 тысячаў выбаршчыкаў, дык цяпер – у сярэднім зь 75 тысячаў. Гэта, паводле меркаваньня адмыслоўцаў, якія займаюцца палітычнымі тэхналёгіямі, значна ўскладняе перадвыбарчую агітацыю, таму што кандыдатам давядзецца адмаўляцца ад многіх стандартных мэтадаў агітацыі. Напрыклад, такі мэтад, як абход кватэраў выбаршчыкаў, становіцца празьмерна складаным. Гэта возьме часу значна болей, чым адводзіцца на агітацыю. А паколькі сродкі, патрэбныя кандыдату для ўдзелу ў выбарах, будуць строга кантралявацца, ён ня зможа лягальна аплаціць патрэбную для вялікай выбарчай акругі колькасьць улётак.

Вядома таксама, што ў Менску будзе 18 выбарчых акругаў і што будзе шмат зьмешаных акругаў. Гэта значыць, што значная частка акругаў будзе складацца і з гараджанаў, і зь сельскіх жыхароў.

Паводле меркаваньня палітычных тэхнолягаў, перадвыбарчая барацьба можа быць жорсткай, але пераважна паміж прадстаўнікамі чынавенства. Тэхнолягі прагназуюць, што, паколькі, хутчэй за ўсё, апазыцыя на выбары ня пойдзе, новы "Нацыянальны сход" будзе пераважна чыноўніцкім. Паводле найбольш аптымістычных прагнозаў, у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" будзе абрана ня больш за дваццаць чалавек новае хвалі – гутарка йдзе пераважна пра бізнэсоўцаў і навукоўцаў.

Нягледзячы на тое, што выдаткі кандыдатаў кантралююцца дзяржаваю, выбарчая кампанія аднаго кандыдата можа каштаваць ад 5 да 35 тысячаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG