Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

"Прорва паміж Польшчай і Расеяй" – так называецца артыкул Эндру Нагорскага, які зьявіўся ў адным з апошніх нумароў часопісу Newsweek. Публікацыя пачынаецца старой показкай часоў халоднай вайны, гэроі якой (француз і расеец) едуць цягніком у процілеглых накірунках па чыгунцы Парыж – Масква. Цягнікі спыняюцца ў Варшаве. Француз выходзіць на пэрон, азіраецца і пытаецца: "Гэта Масква?". Расеец, у сваю чаргу, цікавіцца, ці гэта Парыж?

Гэтая показка, піша Эндру Нагорскі, не пра архітэктуру. Яна – пра рознае ўспрыняцьце атмасфэры, у якой француз адчувае прысмак рэпрэсіяў, тугі і нягодаў, а расеец – ветрык адноснай волі, зыркіх фарбаў і магчымасьцяў.

Аўтар артыкулу, які толькі што вярнуўся з падарожжа па Польшчы і Расеі, цьвердзіць, што гэтая показка ўжо даўно памерла, перадусім таму, што Варшава стала зусім не падобнай на Маскву.

"Я, – піша Эндру Нагорскі, – жыў і працаваў ў абодвух сталіцах, але ніколі раней мяне так не ўражваў рост розьніцы паміж імі. Усе спадзяваньні пачатку 90-х гадоў на тое, што Расея неўзабаве стане падобнай на Польшчу і потым на Заходнюю Эўропу цалкам зьніклі. (…) Калі ж гаварыць пра палітычныя і эканамічныя зьмены, то Польшча ня проста зрушылася зь месца – яна пераехала ў зусім іншы раён".

На першы погляд усё можа зьмяніцца, бо сёньняшняя Польшча паслабленая працяглым урадавым крызысам, у той час як Расея дачакалася моцнага лідэра. Але гэта ня так. Палякі, як італянцы, прызвычаіліся рабіць сваю справу, незалежна ад якіх бы там ні было крызысаў. Уплыў палітыкі тут выразна абмежаваны зразумелымі для ўсіх правіламі – пераважна справядлівымі. У Расеі гэткія правілы да гэтага часу не прыжыліся. "Тут мяжа паміж воляй і рэпрэсіямі, паміж законам і беззаконьнем у лепшым выпадку расплывістая. Таму старыя інстынкты – інстынкт улады запалохваць і інстынкт людзей баяцца – хутка ажываюць. Асабліва, калі аднаўленьне гэтых інстынктаў вітае новы моцны лідэр, былі супрацоўнік КГБ".

У якасьці прыкладу да гэтага Эндру Нагорскі падае справу арыштаванага паводле досыць невыразных абвінавачаньняў мэдыя-магната Владзіміра Гусінскага. "Сэнс арышту зразумелы, – піша аўтар, – калі рэжым можа зрабіць усё што заўгодна з такой уплывовай пэрсонай як Гусінскі – якія шанцы ў іншых?"

Далей Эндру Нагорскі зьвяртаецца да пытаньняў эканомікі, дзе розьніца паміж Польшчай і Расеяй ня меншая ад палітычнай. У той час як Польшча дае пэўнасьць замежным і ўнутраным інвэстарам ды стымулюе рост моцнай сярэдняй клясы – Расея зазнае адток капіталаў, а высокая пакупніцкая здольнасьць нейкай часткі насельніцтва тлумачыцца, хутчэй за ўсё, высокімі цэнам на экспартную расейскую нафту, а зусім не фундамэнтальным паляпшэньнем эканомікі. Прорва паміж беднымі і багатымі ў Расеі неймаверная. Адны купляюць нерухомасьць на Кіпры, у Гішпаніі ды Лёндане, а іншыя атрымліваюць афіцыйны мінімальны заробак ў 5 даляраў на месяц.

У 1994 годзе Эндру Нагорскі зачыніў бюро часапісу Newsweek у Варшаве і падказаў сваім польскім сябрам успрымаць гэта як камплімэнт, бо Польшча перастала быць неспакойным, непрадказальным месцам. Тады яны паверылі без ахвоты, піша аўтар, але цяпер, у часе майго апошняга наведаньня Польшчы, адзін зь іх запытаўся: "Што вы робіце ў гэтай сумнай, нармалёвай краіне?".

"На жаль, – піша напрыканцы публікацыі Эндру Нагорскі, – малаверагодна, каб нехта з маіх расейскіх сяброў вітаў мяне такім самым чынам ў бліжэйшы час".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG