Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты «Рабочы»

Выйшаў у сьвет чарговы нумар штотыднёвіка "Рабочы"…

Штотыднёвiк «Рабочы» сустракае чытачоў традыцыйнай падборкай кароткiх навiнаў. Прыцягне ўвагу рэпартажны фотаздымак з адкрыцьця ў Менску помнiка ахвярам Галакосту на тэрыторыi былога яўрэйскага гэта ў сумнавядомым месцы, якое гараджане называюць «Яма». Побач – паведамленьне пра рэзалюцыю па Беларусi, якую парляманцкая асамблея АБСЭ прыняла 10 лiпеня. У тэксьце пералiчаныя ўмовы ўдзелу апазыцыi ў надыходзячых парляманцкiх выбарах.

Дыяграмы iлюструюць структуру i дынамiку росту запазычанасьцяў выплаты заробкаў у краiне. Камэнтар датычыцца рэкамэндацыяў нечарговага паседжаньня Нацыянальнага Савету па працоўных i сацыяльных пытаньнях, якое было праведзенае ў мiнулы панядзелак па настаяньню прафсаюзаў.

Публiкацыi другой паласы нумара засяроджваюць увагу чытача на падзеях мiнулага тыдня. Тут зьмешчаная рэзалюцыя № 4 Кангрэсу дэмакратычных сiлаў Беларусi i камэнтар да нядаўна абвешчанага Злучанымi Штатамi Амэрыкi прыпыненьня дзеяньня гандлевых iльготаў i вынiкаў гэтага рашэньня для беларускай вытворчасьцi.

Вядома, што адмысловы дакладчык ААН у пытаннях незалежнасьцi судзьдзяў i адвакатаў Дато Прам Кумарасвамi наведаў з вiзытам нашу краiну, каб на месцы высьвятлiць падрабязнасьцi сучаснага стану праваахоўнай сыстэмы. Выснова, якая зробленая нядаўнiм госьцем, несуцяшальная: прафэсiя юрыста на Беларусi ня можа лiчыцца незалежнай. Менавiта такую назву мае адпаведная публiкацыя на старонцы «Маё права».

Далей рэдакцыя вяртаецца да тэмы дэструктыўных сектаў. Журналiст Сьвятлана Шыдлоўская расказвае пра намаганьнi Менскага бацькоўскага камiтэту «Ратаваньне» абаранiць беларускую моладзь ад так званага iнтэлектуальнага наркотыка. Побач – ліст чытача з Магiлёўскай вобласьцi – своеасаблiвае разважаньне аб тым, што на Беларусi склалася недапушчальнае становiшча, калi людзi сталага ўзросту, арыентаваныя на адрынутыя сёньня каштоўнасьцi, у часе чарговых выбараў маюць магчымасьць адмоўна ўплываць на вызначэньне будучынi моладзi, уласных дзяцей i ўнукаў. Чытач прапануе ўвесьцi цэнз на права ўдзелу ў выбарах: толькi пакуль ты працуеш – маеш магчымасьць вызначаць будучыню… Ліст друкуецца, як падстава для дыскусii.

На чарговай старонцы – прэзентацыя грамадзкага аб'яднаньня БНФ «Адраджэньне». Газэта «Рабочы» працягвае падрабязьней знаёмiць сваiх чытачоў з палiтычнымі партыямi, прафсаюзамi i арганiзацыямi, якiя складаюць Кангрэс дэмакратычных сiлаў Беларусi.

Старонка «Мой сусьвет» зьмяшчае статыстыку ахвяраў камунiстычнага рэжыму ў розных краiнах i публiкацыю Сяргея Манастырскага «Нюрнберг-2» у Вiльнюсе» пра пачатак працы Мiжнароднага трыбуналу ў расьследваньні злачынстваў камунiзму.

XS
SM
MD
LG