Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Напрыканцы свайго знаходжаньня ў гэтак званым "Нацыянальным сходзе" многія лукашэнкавы дэпутаты ўпэўніліся, што іхная дзейнасьць аказалася непатрэбнай ані ў Беларусі, ані ў сьвеце. Сьведчаньнем таму – амаль поўная адсутнасьць міжнародных кантактаў. Як дэпутаты гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" імкнуліся ў замежныя выправы і чаму іхныя спадзяваньні аказаліся марнымі?..

За чатыры гады афіцыйныя дэлегацыі "Нацыянальнага сходу" на запрашэньні адпаведных парлямэнтаў наведалі наступныя краіны: Кубу, Кітай, Віетнам, Іран, Югаславію ды Ізраіль. Асобна ў гэтым сьпісе чамусьці значыцца Рэспубліка Карэлія Расейскае Фэдэрацыі. Бывала, пад час рэдкіх замежных ваяжоў Аляксандра Лукашэнкі таго-сяго з дэпутатаў бралі як палітычную нагрузку.

Ня мела эфэкту спроба наладзіць кантакты праз парлямэнцкае ліставаньне. Год таму на адрэсы заканадаўчых ворганаў 53 дзяржаваў сьвету былі накіраваныя лісты за подпісам Анатоля Малафеева з прапановаю дзелавых кантактаў. Міністэрства фінансаў тым часам усталявала нормы аплаты службовых выправаў, а "Палата прадстаўнікоў" зацьвердзіла сьпісы тых, хто пажадаў сябраваць з той ці іншай краінаю. Але ўрэшце атрымалася, што той, хто выбраў як патэнцыйных партнэраў не Югаславію ці Іран, чакаюць адказу дагэтуль.

Намесьнік старшыні міжнароднае камісіі гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Пётар Жушма так тлумачыць прычыну міжнароднае пасыўнасьці:

"З улікам таго, што Палата прадстаўнікоў не прызнаная эўрапейскімі структурамі, мы ня ўдзельнічаем у працы важнейшых міжнародных інстытутаў. Але, з другога боку, калі абмяркоўваецца пытаньне Беларусі, а рэзалюцыяў за 4 гады было дастаткова, у Страсбург запрашаюцца як прызнаны ЭўраЗьвязам Вярхоўны Савет, гэтак і Палата прадстаўнікоў. Узначальвае паездкі, як правіла, Канаплёў".

Гаварыў Пётар Жушма.

Дарэчы, паездкі ў Страсбург, нягледзячы на статус бакоў, лічацца самымі прыбытковымі: памеры "сутачных" дасягаюць амаль $200.

Усе астатнія падарожжы, з-за рэжыму строгай эканоміі, нават на паперы зрэдку паднімаюцца вышэй за $40. Але ў сытуацыі, калі міжнародная супольнасьць па-ранейшаму цураецца гэтак званага "Нацыянальнага сходу", дэпутаты вымушаныя падарожнічаць пераважна ў Расею. Больш за 30 чалавек стала працуюць у ворганах Саюзу Беларусі й Расеі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Астатнія задавольваюцца чаўночнымі ваяжамі. Каб стымуляваць кантакты, Міністэрства фінансаў прыраўнавала расейскія рэгіёны да шэрагу краінаў Блізкага Ўсходу, вызначыўшы нормы сутачных выдаткаў памерам $20.

Гэта ўдвая менш за краіны дэмакратыі, але затое грошы гэтыя рэальныя. Між іншым, нават іх ўважліва адсочвае кіраўніцтва справаў Лукашэнкі. Вось што кажа Пётар Жушма:

"Вельмі жорсткі кантроль за валютнымі выдаткамі. Няма такога бязьмежжа зь бескантрольным марнатраўствам народных грошай, як у расейскай Думе. Нашая бугальтэрыя знаходзіцца ў падпарадкаваньні кіраўніцтва справаў. Усімі фінансамі загадвае начальнік управы Воблікаў. І, наколькі я ведаю, усе валютныя выдаткі ўзгадняюцца з прэзыдэнтам".

Гаварыў Пётар Жушма.

Спадар Жушма дадаў, што атрымліваюць дэпутаты сьціпла, але адпаведна з тым, чаго вартыя.

XS
SM
MD
LG