Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

На трэцім зьезьдзе прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу Беларусі ягоны старшыня Аляксандар Ярашук жорстка скрытыкаваў дзейнасьць ураду ў галіне сельскае гаспадаркі. Улада ў сваю чаргу нечакана вылучыла на пасаду старшыні гэтага прафсаюзу міністра сельскае гаспадаркі Юрыя Мароза, пры гэтым на дэлегатаў аказваўся значны ціск. Аднак пад час таемнага галасаваньня дэлегаты зьезду аддалі перавагу ня стаўленьніку ўраду, а ранейшаму старшыні прафсаюзу.

Старшыня прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу Беларусі Аляксандар Ярашук у сваім справаздачным дакладзе заявіў, што беларускі ўрад вырашае эканамічныя праблемы за кошт вёскі, што ягоная аграрная палітыка скіраваная ня ў будучыню, а ў мінулае, бо нельга рабіць стаўку толькі на жорсткую дысцыпліну ды дзяржаўны дыктат.

Ярашук заклікаў перш за ўсё да павелічэньня эканамічнае свабоды для вяскоўцаў, узровень жыцьця якіх упаў ніжэй за ўсіх у грамадзтве. У сельскай гаспадарцы заробак складае цяпер толькі 56% ад сярэдняга па краіне, пры гэтым запазычанасьць дасягнула ўжо ўзроўню месячнага фонду заробкавае платы. Сьмяротнасьць у вёсцы ў два–чатыры разы перавышае нараджальнасьць, большасьць гаспадарак – стратныя…

Гэтая вострая крытыка была нэгатыўна ўспрынята прадстаўнікамі ўраду. Першы намесьнік міністра сельскае гаспадаркі Вадзім Папоў увогуле параіў прафсаюзным дзеячам ня ўмешвацца ў працу АПК, а болей займацца сваімі ўнутранымі справамі.

Старшыня прафсаюзу работнікаў аграрна-прамысловага комплексу Аляксандар Ярашук, які падпісаў ліст у Міжнародную арганізацыю працы са скаргаю на парушэньне правоў прафсаюзаў, выклікаў яўнае незадавальненьне беларускіх уладаў. Напярэдадні зьезду на ягоных дэлегатаў быў аказаны моцны ціск з тым, каб яны не абіралі сваім лідэрам Ярашука. Быў знойдзены ўвогуле дзіўны варыянт – у альтэрнатыву Ярашуку быў вылучаны дзейны міністар сельскае гаспадаркі Юры Мароз, што адназначна было расцэнена як спроба ўціску прафсаюзаў.

Вось пра які прыклад распавёў на зьезьдзе старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімер Ганчарык:

"А шостай гадзіне раніцы ўладныя структуры запрашаюць да сябе ўтрох аднаго з дэлегатаў, і не саромеючыся кажуць яму: ня ўдзельнічай у зьезьдзе, не галасуй, прычым пагражаюць жыцьцём і лёсам дзяцей, кажуць, што падкінем патроны, пасадзім… Дык да чаго мы дайшлі ўрэшце рэшт, да якога маразму?"

Гэта быў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык.

Пра падобныя прыклады казаў і Аляксандар Ярашук, і многія дэлегаты ў кулюарах. Натуральна, што гэты нахабны ціск выклікаў абурэньне ў многіх. Дэлегаты зьезду выказаліся за таемнае галасаваньне ў кандыдатуры лідэра свайго прафсаюзу, і нечакана для ўладаў іхны стаўленьнік міністар сельскае гаспадаркі Юры Мароз застаўся "за бортам". За яго прагаласавала толькі 29 дэлегатаў, Ярашука ж падтрымала больш сотні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG