Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Скончыўся візыт у Беларусь прадстаўнікоў Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў на чале з генэральным сакратаром гэтай арганізацыі Білам Джорданам. Яны прыяжджалі, каб абараніць сваіх беларускіх калегаў ад перасьледу з боку ўладаў.

Сёньня прадстаўнічая дэлегацыя Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў наведала адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі ды ўрад Беларусі. Біл Джордан сустрэўся з Уладзімерам Замяталіным і Ўладзімерам Ярмошыным. На сваёй выніковай прэсавай канфэрэнцыі генэральны сакратар МКСП паведаміў:

"Мы падкрэсьлілі, што ў любой краіне, незалежна ад яе становішча ў сьвеце, там, дзе ёсьць моцныя незалежныя свабодныя прафсаюзы, моцныя незалежныя наймальнікі ды моцны ўрад, назіраецца эканамічны рост і росквіт краіны. У той жа час у тых дзяржавах, дзе прафсаюзы прыгнятаюцца, пастаўленыя пад кантроль, там будзе назірацца эканамічны застой. І калі ў Беларусі не засвоілі ўрокі гісторыі, якія ўяўляла сабою амаль векавое панаваньне камуністычнага рэжыму над прафсаюзамі, дык, на жаль, варта зазначыць, што ў гэтай краіне нічаму не навучыліся з урокаў гісторыі. Мы падкрэсьлівалі неабходнасьць унясеньня зьменаў у існуючыя дэкрэты й дакумэнты, для таго, каб забясьпечыць Беларусі магчымасьць для эканамічнага разьвіцьця", – зазначыў Біл Джордан.

Як паведаміў журналістам генэральны сакратар Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, у гутарцы зь Ярмошыным і Замяталіным ён нагадаў пра канкрэтныя парушэньні беларускімі ўладамі ўсясьветных стандартаў у сфэры прафсаюзных правоў. Сярод гэтых парушэньняў – неабгрунтаваныя ўмовы рэгістрацыі прафсаюзных суполак і ўмяшаньне ў кадравую палітыку прафсаюзаў. Гэтыя парушэньні спрычыніліся ў Беларусі да зьмяншэньня колькасьці прафсаюзных арганізацыяў і страты іхнымі кіраўнікамі працоўных месцаў.

На пытаньне нашага радыё, ці зможа міжнародная прафсаюзная супольнасьць паўплываць на беларускую сытуацыю, Біл Джордан адказаў:

"Што тычыцца нашых магчымых дзеяньняў, дык мы можам садзейнічаць таму, што Беларусь апынецца на яшчэ большай дыстанцыі ад тых краінаў, зь якімі яна мае стасункі. Асабліва гэта тычыцца Расеі. У прыватнасьці, кіраўнік расейскіх прафсаюзаў, які прысутнічаў на нашых сустрэчах тут, выказаў заклапочанасьць такім становішчам справаў у Беларусі і пасьля вяртаньня дадому будзе інфармаваць пра тое, што ён тут пачуў і ўбачыў, прэзыдэнта Пуціна", – зазначыў спадар Джордан.

Паводле ягоных словаў, Міжнародная канфэдэрацыя будзе ўважліва сачыць за разьвіцьцём падзеяў вакол беларускіх прафсаюзаў і свае дзеяньні каардынаваць зь іншымі ўплывовымі міжнароднымі арганізацыямі. У прыватнасьці, пад час цяперашняга знаходжаньня ў Менску Біл Джордан меў сустрэчу з кіраўніком Кансультацыйна-наглядальнае групы АБСЭ ў Беларусі Гансам-Георгам Вікам. Генэральны сакратар зазначыў таксама, што Канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў будзе ўплываць на падзеі ў Беларусі і праз урады замежных дзяржаваў, найперш – ЗША і краінаў ЭўраЗьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG