Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На беларуска-польскай мяжы пачаўся дэмантаж калючай агароджы і сыгналізацыі. Гэта пакуль зроблена толькі на адным адмежку – адразу ўся агароджа зьнішчацца ня будзе. Аднак усё роўна гэта падзея гістарычная. Беларускія ўлады нарэшце наважыліся прыбраць савецкую "жалезную заслону", якая дбайна захоўвалася каля дзевяці гадоў пасьля зьнікненьня СССР.

Памежнікі пакуль просяць не называць канкрэтна дзе, на якім участку, які ахоўваецца гарадзенскім памежным атрадам, адбыўся дэмантаж калючай агароджы – хочуць паглядзець, як у новых умовах будзе адбывацца ахова мяжы з Польшчай. Гарадзенскі памежны атрад адказвае за 165 яе кілямэтраў.

Якія прычыны гэткага рэвалюцыйнага кроку з боку беларускіх уладаў? Вядома, што адбыліся зьмены ў заканадаўстве. Пераход або спроба пераходу мяжы болей ня будзе лічыцца крымінальным злачынствам як было згодна з савецкімі нормамі закону. Гэта цяпер проста адміністрацыйнае павапарушэньне. Тым самым беларускія ўлады зрабілі крок да лібэралізацыі заканадаўства да эўрапейскіх нормаў. Тым больш, пачаўшы дэмантаж "жалезнай заслоны".

Аднак гэтыя крокі, як вынікае зь меркаваньня саміх памежнікаў, хутчэй вымушаныя. Паводле словаў аднаго з камандзіраў гарадзенскага памежнага атраду, сёньня "жалезная заслона" – гэта элемэнт абароны заходняй дэмакратыі ад нелегальнай міграцыі. Захад, і перш за ўсё Польшча, маўляў, зацікаўленыя ў захаваньні калючага дроту. Яны, нават, нібыта гатовыя фінансаваць рамонт нашай "жалезнай заслоны". Аднак, паводле словаў таго ж афіцэра, сыстэма сыгналізацыі на некаторых адмежках аднаўлялася апошні раз у 1982 годзе. Тэрмін яе службы скончыўся, рамонт абыходзіцца дорага. На такіх участках агароджу трэба або зусім зьнішчаць, або ўзводзіць новую. У савецкія часу абсталяваньне аднаго кілямэтру мяжы абыходзілася ў 1 мільён рублёў. Сёньня такія падлікі не рабіліся. Апроч утрыманьня самой жалезнай заслоны, дорага абыходзіцца яе ахова.

Паводле словаў афіцэраў-памежнікаў на участках, дзе быў прыбраны калючы дрот, сыгналізацыя прымушала групу захопу па дзесяць разоў за ноч выяжджаць на мяжу. За месяц – 300 разоў. Людзі ня сьпяць, бэнзын марнуецца. 99 працэнтаў выездаў былі марныя. Сыгналізацыя рэагавала на зайцоў, дзікоў ды іншых зьвяроў, якія нярэдка калечацца ды гінуць. Памежнікі спадзяюцца ў новых умовах на спрыяньне з боку насельніцтва. За дапамогу ў затрыманьні парушальнікаў мяжы, вяскоўцам будуць плаціць, але колькі канкрэтна – ніхто адказаць ня можа.

Днямі на памежную заставу сапраўды затэлефанаваў жыхар вёскі, што дапамагло затрымаць аднаго аўганца і двух індыйцаў. Праўда на ўчастку гэтай заставы калючы дрот пакуль на месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG