Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сябры дэлегацыі Вярхоўнага Савету пад час сустрэчы з журналістамі падвялі вынікі сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая адбылася ў Бухарэсьце. Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Нісьцюк назвалі рэзалюцыю ў пытаньні Беларусі «прымальнай на 95 адсоткаў». Разам з гэтым яны ня ўпэўненыя, што афіцыйны Менск выканае вылучаныя ўмовы.

Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Нісьцюк задаволеныя вынікамі паездкі ў Бухарэст. Адначасна ў спадара Лябедзькі няма ілюзіяў наконт таго, што афіцыйны Менск выканае ўмовы прызнаньня выбараў, якія замацаваныя ў рэзалюцыі пра сытуацыю ў Беларусі.

(Лябедзька: ) "Мне здаецца, што Лукашэнка зараз у вельмі складанай сытуацыі. Ён ня можа гаварыць, што міжнародная супольнасьць да яго адносіцца неяк па-асабліваму, тэндэнцыйна і загнала яго ў кут. Не. Яны гавораць – дзьверы адчыненыя, калі ласка. Але практычна выканаць гэтыя ўмовы яму надзвычай, надзвычай складана".

Аднак з выказваньняў Уладзімера Нісьцюка вынікае, што рэзалюцыя ў пытаньні Беларусі зьяўляецца своеасаблівым крэдытам даверу дэмакратычнай апазыцыі. Канчаткова міжнародныя стуктуры вызначаць сваю пазыцыю адносна выбараў толькі ўвосень. Пры гэтым будуць улічвацца ступень адзінства й скаардынаванасьць дзеяньняў апазыцыйных палітычных партыяў.

(Нісьцюк: ) "Ёсьць адна небясьпека. Мы адчувалі з боку нашых замежных калегаў ня толькі падтрымку, але і зацікаўленасьць – а што далей? Ці гатовая беларуская палітычная апазыцыя разам ісьці далей так, як яна кансалідаваная на сёньняшні момант, як будзе працавць Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў. Іх цікавіць пытаньне, як будзе паводзіць сябе апазыцыя бліжэй да выбараў?"

Паводле вынікаў бухарэсцкае сустрэчы дэпутаты Вярхоўнага Савету – Уладзімер Нісьцюк і Анатоль Лябедзька – канстатуюць, што расейскія ўлады (у прыватнасьці, парлямэнцкая дэлегацыя гэтае краіны) у пэўным сэнсе паўтараюць шлях афіцыйных беларускіх уладаў да міжнароднай ізаляцыі.

(Нісьцюк: ) "Вельмі кантрасна было бачна, як расейская дэлегацыя становіцыа побач зь беларускай ізгоем сьвету. Ніводная прапанова расейскай дэлегацыі, ніводная папраўка ў ніводным камітэце да любой рэзалюцыі, якія прымаліся, прынятыя сэсіяй не былі. Ні ў водным пытаньні сусьветная суполнасьць не падтрымала расейскую дэлегацыю".

(Лябедзька: ) "За прапановы расейскай дэлегацыі галасавалі тры цюбіцейкі і адна вялікая расейская вушанка. 590 галасавала – вы цяпер можаце паглядзець, які расклад канчатковы і якая пазыцыя Расеі ў гэтым выпадку і якая пазыцыя Аляксандра Рыгоравіча ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Расея сваімі паводзінамі, сваім выступам супраць прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі прадэманстравала сваю заангажаванасьць стопрацэнтовую на беларускі рэжым".

Апроч ухваленьня рэзалюцыі, да станоўчых вынікаў бухарэсцкае сустрэчы можна аднесьці вынікі шэрагу перамоваў з парлямэнцкімі дэлегацыямі краінаў АБСЭ. Дэпутаты Вярхоўнага Савету дамовіліся з прадстаўнікамі Сэйму Латвіі пра супрацоўніцтва на парлямэнцкім узроўні. З чальцамі дэлегацыі Польшчы размова йшла пра абарону інтарэсаў Беларусі ў міжнародных арганізацыях, сябрамі якіх краіна не зьўляецца.

Анатоль Лябедзька адзначае вялікую дапамогу ў каардынацыі дзеяньняў і выпрацоўцы адзінай пазыцыі ў "беларускіх пытаньні" з боку прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Дарэчы, дасягнутая папярэдняя дамоўленасьць пра тое, што дэлегацыя Вярхоўнага Савету наведае з афіцыйным візытам Злучаныя Штаты Амэрыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG